Беларусь пры ўступленні ва Усясветную гандлёвую арганізацыю плануе захаваць аб'ёмы бягучай падтрымкі сельскай гаспадаркі. Пра гэта ў праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын, паведамляе БЕЛТА.
"Пазіцыі бягучай падтрымкі сельскай гаспадаркі, якія ёсць у краіне, можа быць, нават з пэўным павелічэннем, я ўпэўнены, мы адстаім. У нас ёсць пэўны лаг, дзе можам рушыць, але мы разумеем тыя чырвоныя лініі, ніжэй якіх апускацца не будзем. Думаю, з партнёрамі мы дамовімся пра гэта", - праінфармаваў першы віцэ-прэм'ер.
У цэлым, на думку Аляксандра Турчына, кожная краіна павінна пагадзіцца, што Беларусь будзе членам УГА. "Калі ёсць нейкія пытанні, мы гатовыя садзіцца за стол перамоваў, гатовыя да кампрамісаў, але гэтыя кампрамісы не павінны быць на шкоду нашай краіне", - падкрэсліў ён. Прычым усе партнёры і кіраўніцтва УГА адзначаюць, што прагрэс Беларусі відавочны. "Для сябе мы паставілі нейкі дэдлайн - гэта 12-я міністэрская канферэнцыя, якая пройдзе ў Нур-Султане ў наступным годзе. Плануем да заканчэння 2019 года, ну максімум першы квартал 2020-га ўзгадніць усе пазіцыі і выходзіць ужо на фінальную частку дакумента", - распавёў першы намеснік прэм'ер-міністра
УГА адкрывае новыя рынкі для беларускіх экспарцёраў і не дазваляе самім закрыць іх ад імпарту. Але, па словах першага віцэ-прэм'ера, галоўныя канкурэнты знаходзяцца сёння не за акіянам, а ўнутры Еўразійскага саюза. У першую чаргу гэта кампаніі Расіі і Казахстана, а да канкурэнцыі з імі беларускі вытворца ўжо прывык. Таму страсенняў ад уступлення ў УГА ні ў каго быць не павінна. "Для нас была мэта - адзіны мытны тарыф, які ўзгоднены ў ЕАЭС. Таму ніжэй яго мы не збіраліся апускацца. Толькі па нейкіх выключных групах тавараў, якія ў нас не вырабляюць, - растлумачыў ён. - На мой погляд, тут у нас нічога не зменіцца".
Акрамя таго, УГА стане пляцоўкай, дзе можна будзе адстойваць інтарэсы айчыннага бізнесу пры наяўнасці дыскрымінацыі на пэўных рынках. Прычым "абсалютна неважна дзяржаўнае прадпрыемства ці прыватнае - гэта прадпрыемства нашай краіны, нашы падаткаплацельшчыкі, мы аднолькава будзем за іх змагацца", сказаў Аляксандр Турчын.
Як распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў, перамоўная група нашай краіны стараецца забяспечыць важны аспект - бяспеку для АПК, уступіць у САT на такіх умовах, каб не пацярпеў ні адзін сегмент рынку. І ў гэтым напрамку ўдалося шмат чаго дамагчыся.
Паводле яго слоў, важным момантам САT для Беларусі з'яўляецца атрыманне доступу да тых квот, якія маюць краіны па льготным допуску сельгаставараў на іх рынкі. Акрамя таго, Беларусь сутыкаецца з абмежаваннямі, якія ўводзіць у дачыненні да айчыннай прадукцыі Расійская Федэрацыя. У САT краіна атрымае дадатковую магчымасць абмяркоўваць такія спрэчныя пытанні.
Аляксей Багданаў таксама падкрэсліў, што аб'ём датацый АПК не зменшыцца. "Мы стараемся захаваць яго на тым узроўні, які неабходны для нашай сельскай гаспадаркі. Усе лічбы палічаны неаднаразова. Мы стараемся зрабіць так, каб мелі магчымасць у выпадку нейкіх катаклізмаў падтрымаць нашу сельскую гаспадарку і не ўраніць той узровень вытворчасці, які маем, а нават яго нарасці", - сказаў ён.
Як паведамлялася, у Жэневе 11 ліпеня прайшло 12-е пасяджэнне рабочай групы САT па далучэнні Беларусі. У ім прынялі ўдзел дэлегаты з больш чым 50 краін - членаў арганізацыі. Прадстаўнікі ЗША, ЕС, Расіі, Казахстана, Арменіі, Кыргызстана, Украіны, Індыі, Кітая, Аргенціны, Аўстраліі, Бразіліі, В'етнама, Канады, Турцыі, Швейцарыі, Японіі, Карэі, Коста-Рыкі, Кубы, Эквадора, Сальвадора, Грузіі і іншых краін у сваіх выступленнях падтрымалі крокі, што робяцца ўрадам Беларусі па далучэнні да САT, і выказалі гатоўнасць да актыўнай працы з Беларуссю ў 2019 годзе для хутчэйшага завяршэння перамоўнага працэсу.
Беларускую дэлегацыю ўзначаліў Аляксандр Турчын. У яе склад увайшлі міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, міністр фінансаў Максім Ермаловіч, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, а таксама прадстаўнікі Мінсельгасхарча, Нацыянальнага банка, Мінюста, Мінздароўя, Мінсувязі, Мінпрама, ГМК, Дзяржстандарта, "Белхарчпрама", "Беллегпрама", Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці і Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі ў Жэневе.
Навіны Беларусі (БЕЛТА)