Беларусь далучылася да Пагаднення па ахове афра-еўразійскіх мігруючых водна-балотных птушак. Такое рашэнне змяшчаецца ва ўказе №333 ад 21 ліпеня 2015 года, які апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым партале, паведамляе БЕЛТА.

Беларусь далучылася да Пагаднення па ахове афра-еўразійскіх мігруючых водна-балотных птушак. Такое рашэнне змяшчаецца ва ўказе №333 ад 21 ліпеня 2015 года, які апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым партале, паведамляе БЕЛТА.

Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2016 года.

Як растлумачылі ў Мінпрыроды, пагадненне накіравана на прадухіленне зніжэння колькасці папуляцый водна-балотных птушак, якія гняздуюцца, мігруюць і зімуюць на Афра-Еўразійскім міграцыйным шляху, аднаўленне папуляцый птушак, колькасць якіх ужо скарочана, а таксама эфектыўнае і рацыянальнае кіраванне папуляцыямі мігруючых птушак на міжнародным узроўні.

Арэалы большасці відаў водна-балотных птушак у Заходняй Палеарктыцы прасціраюцца ў межах еўрапейскай часткі Расіі, Беларусі і краін ЕС. У Расіі і Беларусі знаходзяцца асноўныя месцы размнажэння гэтых відаў птушак, а ў Заходняй Еўропе - месцы зімоўкі, што абумоўлівае штогадовыя перамяшчэнні велізарнай колькасці птушак паміж дадзенымі рэгіёнамі - сезонныя міграцыі. Усяго ў гэтым рэгіёне пражывае каля 30 млн качак і каля 4,8 млн гусей, якія з'яўляюцца паляўнічымі відамі і інтэнсіўна эксплуатуюцца як на месцах гняздзішчаў і міграцыі, так і на месцах зімоўкі. Па прыблізных ацэнках, з 30 млн качак ва Усходняй Еўропе ў сезон палявання здабываецца 5,5 млн асобін, а больш за 7 млн качак адстрэльваецца ў Заходняй Еўропе. Падобная сітуацыя складваецца і з гусямі. З агульнай колькасці ў 4,7-4,8 млн птушак каля 1 млн здабываецца штогод на зімоўках. У Беларусі на вясновым пралёце здабываецца 2-3 тыс. птушак і каля 320 тыс. асобін здабываецца ў еўрапейскай частцы Расіі, дзе на гняздзішчы сканцэнтравана асноўная частка ўсёй еўрапейскай папуляцыі.

"Квоты на здабычу мігруючых птушак паміж краінамі Еўропы адсутнічаюць, не скаардынаваны і тэрміны палявання", - растлумачылі ў Мінпрыроды. Па словах спецыялістаў прыродаахоўнага ведамства, асноўны прынцып, закладзены ў пагадненні, - праблема аховы і ўстойлівага выкарыстання рэсурсаў мігруючых водна-балотных птушак можа быць вырашана толькі комплексна, пры ўзгодненых дзеяннях краін як у арэале гняздзішчаў, так і на месцах зімоўкі і шляхах міграцыі птушак.