14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае да 2025 года павялічыць вытворчасць малака да 9,2 млн т, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло падчас VI Экспартнага форуму "Беларусь малочная", перадае кар. БЕЛТА.
14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае да 2025 года павялічыць вытворчасць малака да 9,2 млн т, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло падчас VI Экспартнага форуму "Беларусь малочная", перадае кар. БЕЛТА.
"Малочная галіна Беларусі інтэнсіўна развіваецца на працягу апошніх 10 гадоў. Мы зрабілі каласальную працу. Па выніках мінулага года ў цэлым па краіне атрымана крыху больш за 7 млн т малака. У параўнанні з 2010 годам мы дадалі практычна 1,5 млн т. У гэтым годзе станоўчая дынаміка захоўваецца, па выніках дзевяці месяцаў мы ўжо дадалі больш за 300 тыс. т. Плануем па выніках года выйсці на 7,5 млн т. Стратэгіяй развіцця малочнай галіны да 2025 года прадугледжаны аб'ём у 9,2 млн т малака. Гэта значыць за бліжэйшую пяцігодку нам трэба дадаць больш за 2 млн т", - сказаў Ігар Брыло.
Ён падкрэсліў, што толькі дзякуючы мадэрнізацыі павялічваецца вытворчасць малака і павышаецца яго якасць. За апошнія 10 гадоў у Беларусі рэканструявана і мадэрнізавана больш за 1,6 тыс. ферм, дзе сканцэнтравана больш за 65% малочнай жывёлы. "Гэта значыць практычна 1 млн кароў у нас утрымліваецца з дапамогай абсалютна новых тэхналогій", - дадаў намеснік міністра.
Беларускія спецыялісты пастаянна працуюць над паляпшэннем якасці малака. Калі ў 2010 годзе малако гатунку экстра складала каля 10% ад агульнага аб'ёму, то ў 2019-м - 60%. Вырасла і рэнтабельнасць вытворчасці: у 2010 годзе яна была каля 10%, а па выніках мінулага года - прыкладна 30%.
Мадэрнізацыя малочнай галіны будзе працягвацца. "Цяпер фарміруецца праграма на бліжэйшую пяцігодку. Вызначаем планы па кожнай вобласці. Перад намі стаяць дастаткова амбіцыйныя задачы", - адзначыў Ігар Брыло.-0-