29 кастрычніка, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на новую праграму з Міжнародным валютным фондам. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з кіраўніком місіі МВФ Дэвідам Хофманам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Мы мяркуем, што Беларусь з улікам вялікай праведзенай работы можа разлічваць на праграму з фондам", - заявіў Міхаіл Мясніковіч. "І я думаю, што гэта будзе даведзена да выканаўчых дырэктараў і да палітычнага кіраўніцтва фонду", - дадаў ён. Мяркуючы па аб'ёме матэрыялаў, прадстаўленых місіяй да сустрэчы ва ўрадзе, на працягу 11 дзён яна дастаткова эфектыўна працавала ў Беларусі, адзначыў прэм'ер-міністр. "Падтрымліваючы ў прынцыпе высновы місіі, я хацеў бы адзначыць, што па некаторых пазіцыях я меркаваў бы, што, можа быць, у вас не было дастаткова інфармацыі, і ў гэтай сітуацыі высновы назіраюцца не зусім аб'ектыўныя", - сказаў Міхаіл Мясніковіч. "Я думаю, вам прадставілася магчымасць пераканацца ў тым, што ўрад з Нацыянальным банкам паслядоўна забяспечвалі стабілізацыю эканомікі", - сказаў Міхаіл Мясніковіч, адзначыўшы, што гэта ў пэўнай ступені адпавядае тым рэкамендацыям, якія былі прадстаўлены папярэдняй місіяй. У першую чаргу, было стабілізавана становішча спраў на валютным і спажывецкім рынку. "Мы выйшлі на бездэфіцытны бюджэт, забяспечваем рост золатавалютных рэзерваў. Пры гэтым цалкам забяспечваем абслугоўванне знешняга доўгу і планавыя бюджэтныя прызначэнні. Калі паглядзець на сальда нашага знешнегандлёвага балансу, яно таксама станоўчае і, нават калі выкарыстоўваць методыку розных рахункаў, розных падыходаў, то мы дастаткова паспяхова прадаем на экспарт прадукцыю прамыслова-тэхнічнага прызначэння і сельскай гаспадаркі", - сказаў Міхаіл Мясніковіч. "Чаму мы гаворым аб неабходнасці нарошчвання экспарту як аб прыярытэце? За гэтым ідзе і макраэканамічная стабілізацыя. Мы, як прафесіяналы, разумеем гэта вельмі добра", - адзначыў прэм'ер-міністр. Міхаіл Мясніковіч дадаў, што тэмп інфляцыі, вядома, не задавальняе беларускі бок, але ён знаходзіцца ў межах прагнозу. "Таму нам хацелася б, каб у заключных дакументах місіі МВФ былі адлюстраваны гэтыя і іншыя моманты", - рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.