Беларусь разлічвае на актыўную пазіцыю і падтрымку Сусветнага банка пры абмеркаванні дарожнай карты з Міжнародным валютным фондам падчас вясновай сесіі МВФ і СБ у Вашынгтоне 17-18 красавіка. Пра гэта сёння заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з дырэктарам аддзела Украіны, Беларусі і Малдовы Сусветнага банка Чымяо Фанам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў цяперашніх няпростых умовах Беларусь разлічвае на партнёрства з Сусветным банкам - як для стварэння новых кропак росту, так і для правядзення эканамічных пераўтварэнняў. "Мы вітаем узважаны і індывідуальны падыход да аналізу эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне і ўдзячныя Сусветнаму банку за дапамогу ў распрацоўцы дарожнай карты структурных рэформ", - сказаў прэм'ер-міністр.
Беларускі бок, па словах Андрэя Кабякова, цэніць падтрымку Сусветнага банка як у частцы экспертнай дапамогі, так і ў вырашэнні актуальных пытанняў канкрэтных сектараў эканомікі. Ён адзначыў важнасць праектаў, звязаных з развіццём дарожнай інфраструктуры, сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, абыходжання з цвёрдымі бытавымі адходамі.
Прэм'ер-міністр спыніўся на двух праектах - па рэканструкцыі аўтадарогі Мінск-Гродна і павышэнні эфектыўнасці працы беларускай мытні на мяжы з Польшчай, а таксама па развіцці ляснога сектара. "Два гэтыя праекты маюць вялікае эканамічнае значэнне для краіны. Плюс гэта вельмі добры наглядны прыклад супрацоўніцтва Беларусі і Сусветнага банка", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Цяпер актыўна прапрацоўваецца праект, накіраваны на развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Акрамя таго, Беларусь зацікаўлена ў рэалізацыі праекта па мадэрнізацыі кіравання дзяржаўнымі фінансамі.