27 сакавіка, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на атрыманне пятага транша ў памеры $440 млн. крэдыту АКФ ЕўрАзЭС у красавіку. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле звестак міністра фінансаў, 28 сакавіка адбудзецца пасяджэнне Экспертнага савета Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, на якім будзе прынята рашэнне адносна рэкамендацый Савету фонду. Дата пасяджэння Савета АКФ, які будзе прымаць рашэнне па пытанні выдзялення Беларусі пятага транша крэдыту, пакуль невядомая.
Такім чынам, працэдура ідзе, нягледзячы на тое, што яна, на жаль, выходзіць за рамкі прадугледжаных раней тэрмінаў, адзначыў Андрэй Харкавец.
Выдзяленне фінансавага стабілізацыйнага крэдыту Беларусі ў аб'ёме $3 млрд. было адобрана Саветам АКФ 4 чэрвеня 2011 года. З улікам чацвёртага транша ў цэлым краіне пералічана $2,12 млрд. сродкаў названага крэдыту на мэты падтрымання плацежнага балансу і папаўнення міжнародных рэзерваў. У 2013 годзе рэспубліка разлічвае атрымаць пяты і шосты траншы крэдыту па $440 млн. кожны.
Еўразійскі банк развіцця з'яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, заснаванай Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года для садзейнічання развіццю рынкавай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязей. Статутны капітал ЕАБР перавышае $1,5 млрд. Дзяржавамі - удзельніцамі банка з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.
Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС у памеры $8,513 млрд. быў заснаваны 9 чэрвеня 2009 года ўрадамі тых жа шасці краін. Мэтамі АКФ з'яўляецца садзейнічанне краінам-удзельніцам у пераадоленні наступстваў глабальнага фінансавага крызісу, у забеспячэнні іх эканамічнай і фінансавай стабільнасці і падтрымцы інтэграцыйных працэсаў у рэгіёне. Дзяржавы - удзельніцы АКФ надзялілі ЕАБР функцыямі кіраўніка сродкамі фонду і падпісалі з банкам пагадненне аб кіраванні сродкамі АКФ.-0-