27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства фінансаў Беларусі разлічвае ў верасні 2013 года пачаць кансультацыі з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС аб фінансаванні новай праграмы, паведамілі БЕЛТА ў Мінфіне.

"Улічваючы, што стабілізацыйная праграма з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС завяршаецца, Міністэрства фінансаў зацікаўлена ў пачатку рэалізацыі прынцыпова новай праграмы з фондам", - адзначылі ў міністэрстве. У сувязі з тым, што адным з напрамкаў дзейнасці АКФ з'яўляецца падтрымка ў рэалізацыі эканамічных пераўтварэнняў, Мінфін звярнуўся да Антыкрызіснага фонду з прапановай пачаць кансультацыі для абмеркавання канцэпцыі новай праграмы структурных рэформ, якая можа быць падтрымана сродкамі дадзенага фонду. "Кансультацыі з экспертамі фонду па выпрацоўцы асноўных прынцыповых падыходаў да рэалізацыі новай праграмы беларускі бок плануе ажыццявіць ужо ў верасні бягучага года", - удакладнілі ў Мінфіне.

Стабілізацыйная праграма ўрада і Нацыянальнага банка Беларусі, падтрыманая фінансавым крэдытам са сродкаў Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, аказала значны ўплыў на дасягненне мэт макраэканамічнай стабілізацыі ў Беларусі, падкрэслілі ў міністэрстве. "Рэалізацыя мер праграмы дазволіла забяспечыць выхад на адзіны курс замежнай валюты. На станоўчым узроўні захоўваецца значэнне стаўкі рэфінансавання Нацбанка. У рамках праграмы ўнесены змены ў Банкаўскі кодэкс, у адпаведнасці з якімі Нацыянальны банк больш не ажыццяўляе неўласцівую яму функцыі. Дасягнута збалансаванасць бюджэтаў усіх узроўняў, скарочаны да менш 1% ВУП выдаткі на крэдытаванне дзяржаўных праграм", - звярнулі ўвагу ў Мінфіне. На працягу праграмы золатавалютныя рэзервы павялічаны да ўзроўню, які забяспечвае два месяцы імпарту. І гэты ўзровень захоўваецца, нягледзячы на выплаты па пагашэнні і абслугоўванні знешняга дзяржаўнага доўгу.