28 снежня, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Беларусь з 1 студзеня 2013 года знізіць экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №1222 ад 27 снежня 2012 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада. Экспартная пошліна на сырую нафту з 1 студзеня знізіцца з $396,5 да $395,6 за 1 т. Адзіная стаўка экспартнай пошліны на светлыя і цёмныя нафтапрадукты (акрамя бензіну), якая з 1 кастрычніка 2011 года ўніфікавана на ўзроўні 66% пошліны на нафту, з 1 студзеня 2013 года складзе $261,1 за 1 т супраць $261,7 за 1 т у снежні 2012-га. Такая ж пошліна ўстаноўлена на бензол, талуол, ксілолы. На таварныя бензіны і прамысловы бензін стаўка вывазных мытных пошлін зыходзячы з каэфіцыента 0,9 складзе $356 замест $356,8 за 1 т у снежні. Разам з тым пошліна на прапан, бутаны, этылен, прапілен, буцілен і бутадыен, іншыя звадкаваныя газы вырасце з $197,4 да $198,7. Пастановай унесены змяненні ў пастанову Савета Міністраў №1932 ад 31 снежня 2010 года "Аб устанаўленні ставак вывазных мытных пошлін у дачыненні да нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты, і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь". Дакумент прыняты ў адпаведнасці з указам №716 ад 31 снежня 2010 года "Аб стаўках вывазных мытных пошлін". З 1 кастрычніка 2011 года Беларусь услед за Расіяй ажыццяўляе разлік экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты па формуле 60/66. Гаворка ідзе пра прадукцыю, якая вывозіцца з тэрыторыі рэспублікі за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза. Формула разліку прадугледжвае, што стаўка экспартных пошлін на светлыя і цёмныя нафтапрадукты ўніфікуецца і разлічваецца з каэфіцыентам 0,66 (66%) ад стаўкі пошліны на нафту. Адначасова з 1 кастрычніка экспартная пошліна на нафту была зніжана шляхам скарачэння працэнта ад розніцы паміж цэнай маніторынгу нафты і цэнай адсячэння з 65% да 60%. Пры гэтым каэфіцыент разліку стаўкі пошліны на бензіны складае 0,90 (90%). З 2011 года Беларусь імпартуе расійскую нафту бяспошлінна, але пералічвае ў бюджэт Расіі вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты, вырабленыя з гэтага вуглевадароднай сыравіны і прададзеныя ў трэція краіны. Экспартныя пошліны ад продажу нафты ўласнай здабычы (каля 1,7 млн.т у год) рэспубліка залічвае ў свой бюджэт. За 2011 год гэтая сума склала $3,07 млрд.-0-