Беларусь сёння пераходзіць на наземнае лічбавае тэлевізійнае вяшчанне, паведамляе БЕЛТА.

Беларусь сёння пераходзіць на наземнае лічбавае тэлевізійнае вяшчанне, паведамляе БЕЛТА.

"Сімвалічны поўны пераход на наземнае лічбавае тэлевізійнае вяшчанне будзе ажыццёўлены сёння, калі аналагавае эфірнае тэлевізійнае вяшчанне ў дэцыметровым дыяпазоне хваль будзе спынена на апошніх 10 аб'ектах, у тым ліку на галоўнай радыётэлевізійнай перадаючай станцыі краіны ў Коладзішчах", - растлумачылі ў Мінсувязі.

Першыя адключэнні ў краіне былі праведзены 1 жніўня 2013 года, калі аналагавыя эфірныя тэлевізійныя перадатчыкі дэцыметровага дыяпазону хваль былі выключаны ў населеным пункце Асіповічы. Усяго за гэты час аналагавае вяшчанне спынена на 32 аб'ектах (76%).

Развіццё лічбавага тэлевізійнага вяшчання стандарту DVB-T ажыццяўляецца пры рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ўкаранення лічбавага тэлевізійнага і радыёвяшчання ў Беларусі да 2015 года. Дзяржпраграма накіравана на паляпшэнне якасці прадастаўлення паслуг па трансляцыі тэлевізійных праграм, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання радыёчастотнага рэсурсу, энергазберажэнне, забеспячэнне доступу насельніцтва рэспублікі да дзяржаўнага абавязковага агульнадаступнага пакета лічбавых тэлевізійных праграм, асваенне вытворчасці новых відаў прыёмнага і перадаючага тэлевізійнага абсталявання.

Для прыёму абавязковага агульнадаступнага пакета тэлепраграм неабходны тэлевізар з падтрымкай стандарту DVB-T і фармату кадавання MPEG-4 або лічбавая тэлевізійная прыстаўка з аналагічнымі параметрамі, якая падключаецца да звычайнага тэлевізара. Для інфармавання насельніцтва аб пераходзе на лічбавае эфірнае тэлевяшчанне створана даведачная служба, на якую можна патэлефанаваць па кароткім нумары 172.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)