2 снежня, Івацэвіцкі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь скароціць субсідыі на сельскую гаспадарку да 10% ад валавай вытворчасці ў гэтай сферы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння падчас рабочай паездкі ў Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Мы ўзялі на сябе абавязацельствы ў Мытным саюзе, ЕЭП - і Расія, і Казахстан будуць скарачацца ў гэтым плане, і мы таксама. Дарэчы, у іх 10% дапамога, а ў нас 18%. Нам трэба да 10% дайсці, і гэта правільна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Пара ўжо не сядзець і чакаць, што вам яшчэ нехта дасць крэдыты, дапаможа бюджэт. Так, будзем дапамагаць, але дапамога будзе скарачацца", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што неабходна ў абавязковым парадку вяртаць узятыя крэдыты. "Жалезнае патрабаванне: усе крэдыты, якія вы ўзялі, вы абавязкова павінны вярнуць у банкі і бюджэт. Грошы будзеце вяртаць, спісанні крэдытаў не будзе", - заявіў Прэзідэнт. Як паведамлялася, выступаючы днямі ў Палаце прадстаўнікоў, віцэ-прэм'ер Сяргей Румас заявіў, што ў сувязі з абавязацельствамі беларускага боку, узятымі ў ЕЭП, да 2017 года краіны "тройкі" павінны гарманізаваць сваё заканадаўства ў галіне падтрымкі сельскай гаспадаркі. У тым ліку субсідыі павінны складаць не больш за 10%. -0-

БЕЛТА