23 мая, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Беларусь захоўвае намер павысіць з 1 ліпеня 2011 года стаўкі ўвазных мытных пошлін на легкавыя аўтамабілі, якія пастаўляюцца фізічнымі асобамі, да ўзроўню дзейных ставак у Расіі. Пра гэта заявіў сёння першы намеснік міністра замежных спраў Ігар Петрышэнка на пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адказваючы на пытанне дэпутата Уладзіміра Кужанава аб тым, ці маюць пад сабой аснову чуткі аб намеры Беларусі ўсё ж такі не павышаць мытныя пошліны на аўтамабілі з 1 ліпеня, намеснік міністра сказаў, што яму аб такіх планах нічога невядома. "Гэтыя абавязацельствы (па ўніфікацыі мытных пошлін на ўвозімыя аўтамабілі і павышэнні іх да ўзроўню ставак у Расіі з 1 ліпеня 2011 года. - Заўв. БЕЛТА) прыняты, і яны нашай краінай няўхільна выконваюцца", - запэўніў Ігар Петрышэнка. Па яго словах, Беларусь робіць усё для таго, каб на беларуска-расійскай мытнай мяжы не было ніякага кантролю і ўсе кантрольныя функцыі былі пераведзены на знешні контур. Ён таксама растлумачыў, што да 1 ліпеня гэтага года расійскі бок захаваў за сабой права выбарачна ажыццяўляць мытны кантроль, але толькі па таварах трэціх краін, а гэта тычыцца ў тым ліку легкавых аўтамабіляў.
На пасяджэнні камісіі дэпутаты абмеркавалі два міжнародныя дакументы ў рамках Мытнага саюза, якія плануецца ратыфікаваць на найбліжэйшых пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў. У прыватнасці, яны прынялі рашэнне рэкамендаваць Палаце прадстаўнікоў ратыфікаваць пратакол аб унясенні паправак у дагавор аб камісіі МС. Гэты пратакол быў падпісаны ў Маскве ў снежні 2010 года і часова прымяняецца з даты падпісання. Па яго ўмовах устаноўлены больш кароткі тэрмін для ўступлення ў сілу рашэнняў камісіі, якія маюць абавязковы характар і падлягаюць прымяненню на тэрыторыях краін МС. Раней рашэнні камісіі ўступалі ў сілу не раней чым праз месяц з дня іх афіцыйнага апублікавання, а цяпер могуць уступаць у сілу адразу пасля афіцыйнага апублікавання. Акрамя таго, пратакол прадугледжвае пашырэнне паўнамоцтваў камісіі. Ёй прадастаўляецца права ствараць каардынацыйныя і кансультатыўныя органы.-0-
БЕЛТА
Беларусь захоўвае намер павысіць з 1 ліпеня стаўкі ўвазных пошлін на аўтамабілі
23.5.20110 праглядаў