21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь спакойна выйдзе са складзенай на валютным рынку сітуацыі, заявіў сёння ў парламенце, адказваючы на пытанні дэпутатаў, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі хтосьці думае, што ў гэтай сітуацыі мы разгубіліся і не ведаем, што рабіць - глупства. Вось паглядзіце, мы за першае паўгоддзе забудзем пра тое, што ў нас адбывалася і адбываецца цяпер - і фінансы, і спажывецкі рынак і так далей, - сказаў Прэзідэнт. - Мы ведаем, што рабіць, і мы выйдзем з гэтай сітуацыі, выйдзем спакойна". На думку Аляксандра Лукашэнкі, галоўнае - гэта бачыць катэгорыі людзей, якіх трэба падтрымліваць. Разам з тым "некаторых трэба прымушаць працаваць", дадаў ён.
Па словах кіраўніка дзяржавы, у Беларусі выхад з крызісу расцягнуўся. "Наша эканоміка трошкі нават - 1% - дадала ў гэтым крызісе, калі многія абрынуліся, дапусцім, Украіна - на 20%, нават Расія мінус атрымала падчас крызісу, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы так паступова стараліся выйсці з крызісу, каб адначасова не абрынуцца да дна, як эканамісты нам рэкамендавалі, каб не вельмі балюча было людзям. Нібыта было б і нармальна, але тут нас накрыў чарговы наш крызіс, звязаны з павышэннем цэн на энергурэсурсы. Вось у чым праблема - мы яшчэ не паспелі ўстаць на ногі, а нам па галаве гэты крызіс ударыў".
У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што ў айчыннай вытворчасці ёсць станоўчая дынаміка. "Некаторыя кажуць - вось, мы працуем на склад. Калі б вы працавалі на склад пры недахопе валютных рэсурсаў і фінансавых сродкаў, ну сёння на склад паклаў, а заўтра за кошт чаго жыць? - задаў слушнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. - У нас якраз у гэтым плане, прэм'ер дакладваў, дынаміка нармальная. Справа нават не ў складах, ёсць прырост 11% - гэта жывыя аўтамабілі, станкі, харчаванне, абутак, адзенне і так далей. І попыт на гэта сёння існуе". -0-
БЕЛТА
Беларусь спакойна выйдзе са складзенай на валютным рынку сітуацыі - А.Лукашэнка
21.4.20110 праглядаў