26 жніўня, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. У Беларусі экспарт турыстычных паслуг за першае паўгоддзе гэтага года павялічыўся на 34,8% і дасягнуў $59,1 млн. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Віталь Сямашка.
Таксама за студзень-чэрвень вырас імпарт турыстычных паслуг і склаў $17,4 млн. Гэта адбылося ў першую чаргу за кошт дзелавых камандзіровак кіраўнікоў і спецыялістаў беларускіх арганізацый у замежныя краіны.
Такім чынам, у сферы турызму за студзень-чэрвень склалася станоўчае сальда ў памеры $41,7 млн.
Акрамя таго, у першым паўгоддзі актыўна развіваўся ўнутраны турызм. Так, аб'ём платных турыстычных і экскурсійных паслуг па рэспубліцы вырас за гэты перыяд на 32,1%.
Нягледзячы на станоўчую дынаміку, у Мінспорта лічаць недастатковай працу ўпраўленняў фізічнай культуры, спорту і турызму па інфармаванні грамадзян, у тым ліку замежных, аб існуючых у краіне аб'ектах турызму і турыстычных маршрутах. Акрамя таго, сёння неабходна павялічыць колькасць дарожных указальнікаў да аб'ектаў турызму, а таксама больш актыўна распрацоўваць спецыяльныя абласныя праграмы па развіцці турызму.
У прыватнасці, у Віцебскай вобласці быў прыняты план мерапрыемстваў пад умоўнай назвай "100". Згодна з планам, на працягу года ў вобласці павінны быць уведзены ў строй 100 паляўнічых домікаў, 100 зон адпачынку вакол азёр, 100 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу і 100 аграсядзіб.-0-
БЕЛТА
Беларусь стала больш зарабляць на турызме
26.8.20100 праглядаў