16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь цвёрда мае намер працягваць інтэнсіўны дыялог з Расіяй па вырашэнні праблем у Мытным саюзе. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару расійскага часопіса "Свободная мысль" Уладзіславу Іназемцаву, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Хочацца спадзявацца, што перспектывы ў Мытнага саюза ёсць. Мы цвёрда маем намер працягваць інтэнсіўны дыялог з нашымі партнёрамі, перш за ўсё з Расіяй, па вырашэнні наяўных праблем. Ад таго, наколькі паспяхова мы пераадолеем цяжкасці станаўлення гэтага саюза, будзе залежаць яго прывабнасць і для іншых дзяржаў", - сказаў Прэзідэнт. "Што з гэтага атрымаецца? Пажывём - убачым", - дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы выказаў сваё бачанне будучыні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама ў цэлым развіцця Беларусі, якая з'яўляецца своеасаблівым мостам паміж Расіяй і Еўрапейскім саюзам.
У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што матывы Беларусі і беларусаў пры выбудоўванні адносін з Расіяй за паўтара дзясятка гадоў не змяніліся. "Ад інтэграцыі мы чакаем у першую чаргу ўзаемнай выгады і ўзаемнай павагі да абодвух братніх народаў, суверэнітэту і нацыянальных інтарэсаў нашых дзяржаў. І тады вы можаце быць упэўнены, што больш надзейнага партнёра і адданага сябра, чым Беларусь і беларусы, у вас не будзе", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб адносінах Беларусі і Еўрапейскага саюза, Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння ЕС - адзін з асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, другі пасля Расіі, а таксама крыніца перадавых тэхналогій і стандартаў, пастаўшчык высокадакладнага сучаснага абсталявання. "Гэта наш стратэгічны партнёр у барацьбе з новымі выклікамі і пагрозамі сучаснасці, якія носяць трансгранічны характар, - нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі, кантрабандай наркотыкаў і ўзбраення, міжнародным тэрарызмам і распаўсюджваннем зброі масавага паражэння", - адзначыў беларускі лідар.
"Беларусь, з волі Божай, з'яўляецца звязуючым мостам паміж Захадам і Усходам. Таму нават у сілу геаграфічнага становішча прадвызначана шматвектарнасць нашай знешняй палітыкі і адкрытасць эканомікі", - дадаў Прэзідэнт.-0-
БЕЛТА
Беларусь цвёрда мае намер працягваць інтэнсіўны дыялог з Расіяй па вырашэнні праблем у Мытным саюзе - А.Лукашэнка
16.11.20100 праглядаў