27 ліпеня, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Беларусь у 2011 годзе плануе прыцягнуць да $6 млрд. прамых інвестыцый. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цяперашні час у інвестыцыйнай палітыцы Беларусі найбольш складанае становішча назіраецца ў частцы прыцягнення прамых інвестыцый. "Мы ставім задачу на 2011 год выйсці на ўзровень да $6 млрд. прамых інвестыцый", - сказаў прэм'ер-міністр.
Сяргей Сідорскі паставіў задачу перад рэгіёнамі істотна палепшыць работу ў гэтым напрамку.
Кажучы ў цэлым аб інвестыцыйнай сітуацыі ў краіне ў бягучым годзе, ён адзначыў, што ў першым паўгоддзі 2010 года недаатрымана Br2,2 трлн. інвестыцый. Па яго словах, гэты аб'ём неабходна будзе папоўніць у другім паўгоддзі для дасягнення запланаванага на 2010 год паказчыка па росце інвестыцый (125%).
Асобную ўвагу Сяргей Сідорскі звярнуў на недахопы некаторых органаў дзяржкіравання ў рабоце па ўводзе аб'ектаў у эксплуатацыю ў першым паўгоддзі 2010 года. "Я прашу да гэтых пытанняў ставіцца самым сур'ёзным чынам. Інвестыцыйная і інавацыйная праграмы - гэта два розныя дакументы, але яны аб'ядноўваюць у сабе найважнейшыя элементы - прыцягненне прамых інвестыцый і тэхнічную паскораную мадэрнізацыю беларускай эканомікі", - сказаў прэм'ер-міністр.
Закранаючы пытанні развіцця эканомікі ў другім паўгоддзі 2010 года, Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што на гэты перыяд намечаны больш высокія тэмпы развіцця, чым на папярэдняе паўгоддзе. Для выхаду на асноўныя параметры ў 2010 годзе і па выніках пяцігоддзя неабходна забяспечыць далейшы рост ВУП на ўзроўні не менш за 110%, а таксама добрыя паказчыкі росту прамвытворчасці, інвестыцый у асноўны капітал. Па сельскай гаспадарцы ёсць усе магчымасці дабраць недастаючыя да плана 6-7%. Па дадзеных прэм'ер-міністра, да цяперашняга часу ўбрана 40% плошчаў, сабрана больш за 3 млн.т збожжа. Сяргей Сідорскі лічыць, што ёсць усе падставы, каб дадаць у сельскагаспадарчым блоку.
На думку прэм'ер-міністра, выкананне паказчыкаў 2010 года і пяцігоддзя рэальна. Разам з тым ён лічыць, што немалую ролю тут павінна адыграць прадуманая, карпатлівая работа рэспубліканскіх і мясцовых органаў кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый.
БЕЛТА
Беларусь у 2011 годзе плануе прыцягнуць да $6 млрд. прамых інвестыцый
27.7.20100 праглядаў