Беларусь у 2017 годзе пачала экспартаваць сельскагаспадарчую прадукцыю ў 17 новых краін, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў.

"Беларускую сельгаспрадукцыю ў 2017 годзе экспартавалі ў 68 краін. Сярод іх - 17 новых рынкаў: Бахрэйн, Інданезія, Емен, Малайзія, Манголія, Непал, Новая Зеландыя, Аман, Егіпет, Мадагаскар, Аўстрыя, Фінляндыя і іншыя. У Катар за 11 месяцаў 2017 года было пастаўлена сельгаспрадукцыі на суму $9,2 млн, у Манголію - на $4 млн, у Непал - на $0,65 млн, Аман - $2,3 млн, Сірыю - $1,5 млн, Егіпет - больш за $300 тыс. Па аператыўных даных, арганізацыі Мінсельгасхарчпрада за 2017 год экспартавалі прадукцыі на $2,4 млрд, што на 4,6% больш за ўзровень 2016 года. Калі казаць аб пастаўках сельгаспрадукцыі ўсімі гульцамі рынку, прагназуем, што лічбы па экспарце складуць каля $5 млрд", - сказаў Аляксей Багданаў.

За 11 месяцаў 2017 года экспарт беларускай малочнай прадукцыі ў Кітай вырас у 7,5 раза ў натуральным выражэнні да аналагічнага перыяду 2016 года. "Мы паставілі 13 тыс. т малочнай прадукцыі на суму $5,7 млн. У цэлым пастаўкі прадпрыемстваў Мінсельгасхарчпрада ў Кітай за 11 месяцаў перавысілі $8,8 млн, што на 3% больш, чым у аналагічным перыядзе 2016 года. Прычым змянілася структура таварнага экспарту: калі ў 2016 годзе пераважалі сыравінныя тавары, то цяпер пераважае менавіта гатовая прадукцыя. У 2018 годзе плануем пашыраць таварную наменклатуру паставак у Кітай, у прыватнасці, маем намер актыўна працаваць над тым, каб прасунуць на кітайскі рынак беларускія сыры і іншую гатовую малочную прадукцыю. Акрамя таго, два беларускія мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы адкрыліся для паставак ялавічыны, плануем у гэтым годзе пачаць пастаўкі", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ЗЭД.