3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь у красавіку ўпершыню прыме гульні "Кубка Газпром нафты" - найбуйнейшага ў Еўропе дзіцячага хакейнага спаборніцтва. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры Міжнароднага турніру дзіцячых хакейных каманд КХЛ.
У ходзе пасяджэння аргкамітэта турніру, якое адбылося ў Мінску, з удзелам памочніка Прэзідэнта Беларусі па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максіма Рыжанкова прынята рашэнне, што 20-22 красавіка ў лядовым палацы "Чыжоўка-Арэна" пройдуць гульні групы "Захад". Удзельнікі пасяджэння адзначылі, што гэта самая сучасная па аснашчэнні хакейная арэна Беларусі, якая будуецца ў рамках падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі. Матчам адкрыцця групы "Захад" стане гульня дзіцячых каманд "Дынама" (Мінск) і СКА (Санкт-Пецярбург).
Дасягнуты папярэднія дамоўленасці аб партнёрстве ў асвятленні турніру з беларускімі тэлекампаніямі. Традыцыйнымі партнёрамі "Кубка Газпром нафты" з расійскага боку выступаюць тэлекампанія "НТВ Плюс", каналы "Расія 2" і "Спорт" (холдынг ВГТРК), а таксама КХЛ ТВ.
Былі абмеркаваны пытанні размяшчэння каманд-удзельніц, адаптацыі харчавання для каманд і арганізацыі працы валанцёраў. "Газпром трансгаз Беларусь" выступіў генеральным партнёрам групы "Захад".
Кіраўнік аргкамітэта турніру, член праўлення "Газпром нафты" Аляксандр Дыбаль адзначыў падчас пасяджэння, што ў Беларусі багатыя хакейныя традыцыі і створана выдатная сучасная інфраструктура. "Усе гэтыя фактары і, што вельмі важна, падтрымка Прэзідэнта Беларусі адыгралі ключавую ролю пры выбары месца правядзення гульняў групы "Захад" менавіта ў Мінску. Працэс падрыхтоўкі ідзе вельмі інтэнсіўна, і мы ўпэўнены, што зможам правесці этап у Мінску на традыцыйна высокім міжнародным узроўні", - сказаў ён.
"Кубак Газпром нафты" - самы маштабны спартыўны праект праграмы "Газпром - дзецям", які за сем гадоў вырас у найбуйнейшы ў Еўропе дзіцячы хакейны турнір. У 2014 годзе "Кубак Газпром нафты" ўпершыню пройдзе па новай сістэме: колькасць каманд-удзельніц павялічылася з 16 да 24. Пры гэтым за права валодаць кубкам юныя хакеісты будуць змагацца ў дзвюх групах па 12 каманд у кожнай. Гульні групы "Усход" адбудуцца ў Омску, там жа 25 красавіка пройдзе і суперфінал першынства з удзелам пераможцаў дзвюх груп.