31 жніўня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Беларусь, паводле папярэдніх даных, у ліпені гэтага года выйшла на рэкордны аб'ём экспарту тавараў і паслуг - прыкладна ў $4 млрд. Пра гэта заявіў 30 жніўня журналістам міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Ход выканання Нацыянальнай праграмы развіцця экспарту на 2011-2015 гады разглядаўся 30 жніўня на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна. "Папярэднія даныя за ліпень паказваюць, што ў ліпені мы выйшлі на абсалютна рэкордны рост экспартных паставак тавараў і паслуг з Беларусі за ўсю гісторыю незалежнасці краіны - пад $4 млрд.", - паведаміў Сяргей Мартынаў. Па словах міністра, за апошнія некалькі месяцаў у экспарце краіны назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі. Так, у першым паўгоддзі гэтага года Беларусь павялічыла экспарт на 55% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Экспартныя паступленні за названы перыяд выраслі на $9 млрд. "Мы дадалі сур'ёзна ў выніку новых умоў працы на рынку Мытнага саюза", - адзначыў Сяргей Мартынаў. Па яго словах, у экспарце ў краіны Мытнага саюза прырост Беларусі склаў на $2 млрд. Гэта сведчыць аб эфектыўнасці механізмаў і правілаў працы, якія ўзгоднены ў аб'яднанні. Кіраўнік МЗС дадаў, што за шэсць месяцаў гэтага года апярэджанне тэмпаў росту экспарту над тэмпамі росту імпарту склала 5 працэнтных пунктаў. "У ліпені рост гэтага апярэджання яшчэ больш - каля 7-8 працэнтных пунктаў", - канстатаваў ён. Разам з гэтым самазаспакаяцца і спыняцца на дасягнутым не варта, упэўнены Сяргей Мартынаў. Па яго словах, адноснае падзенне тэмпаў імпарту шмат у чым звязана з валютнымі абмежаваннямі, якія ўводзіліся за апошнія месяцы. Па меры таго як гэтыя абмежаванні будуць здымацца, у тым ліку на аснове рашэнняў, якія тычацца валютнага рынку, якія агучаны сёння на нарадзе ў Прэзідэнта, гэты фактар будзе сыходзіць. Міністр звярнуў увагу на тое, што шэраг галін выдатна выконваюць экспартныя паказчыкі, але не спраўляюцца з паказчыкамі па сальда знешняга гандлю. "Гэта каля паловы галін нашай прамысловасці, яны павінны яшчэ падцягвацца, - сказаў ён. - На гэта было звернута асаблівая ўвага на Прэзідыуме Саўміна".