28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь упершыню з 1981 года ў апошнюю нядзелю кастрычніка не будзе пераводзіць стрэлкі гадзінніка на зімовы час. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі. У 2011 годзе Рэспубліка Беларусь адмяніла пераход на сезонны час. Гэта рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў ад 15 верасня 2011 года №1229, нагадалі ў Гостстандарце. Цяпер Беларусь не будзе пераводзіць стрэлкі гадзінніка ў апошнюю нядзелю сакавіка на адну гадзіну наперад і ў апошнюю нядзелю кастрычніка на адну гадзіну назад, як гэта было раней. Вылічэнне часу на тэрыторыі Беларусі будзе праводзіцца ў адпаведнасці з міжнароднай сістэмай часавых паясоў па паясным часе плюс адна гадзіна без пераходу на сезонны час. Рашэнне аб адмене штогадовага пераводу гадзінніка прынята з мэтай забеспячэння на тэрыторыі Беларусі ўзгодненага з дзяржавамі - удзельнікамі Мытнага саюза вылічэння часу, а таксама поўнага выкарыстання светлага часу сутак, паляпшэння ўмоў працы і адпачынку насельніцтва рэспублікі. З 2011 года адмяніла сезонны перавод стрэлак Расія. У Расіі суседні часавы пояс з Беларуссю зараз адрозніваецца на адну гадзіну. Краіны Мытнага саюза - Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і раней не пераводзілі стрэлкі гадзінніка на летні і зімовы час. Украіна, якая знаходзіцца з Беларуссю ў адным часавым поясе, пярэводзіць у нядзелю стрэлкі на адну гадзіну назад. Адпаведна, розніца ў часе ў зімовы сезон у Беларусі і Украіне складзе адну гадзіну. З пераходам Украіны ў сакавіку на летні час, у нашых краінах час будзе зноў супадаць. Краіны Еўрасаюза ў большасці сваёй пакуль не адмовіліся ад пераводу стрэлак. Суседняя Літва, з якой Беларусь таксама знаходзіцца ў адным часавым поясе, у цяперашнюю нядзелю пярэводзіць стрэлкі гадзінніка назад. Адпаведна, розніца ў часе паміж краінамі складзе да сакавіка адну гадзіну. Часавы пояс паміж Беларуссю і Польшчай адрозніваецца на адну гадзіну. Таму зараз, калі Беларусь не будзе пераводзіць стрэлкі на зімовы час, у нас з Польшчай да вясны будзе розніца ў дзве гадзіны, а пасля адпаведнага перыяду - зноў адна гадзіна.-0-

БЕЛТА