20 ліпеня, /Кар. БЕЛТА/. У перыяд глабальнага фінансавага і эканамічнага крызісу ўсе краіны адчулі на сабе яго негатыўны ўплыў. Беларусь таксама не змагла пазбегнуць адмоўнай дынамікі вытворчасці, аднак здолела захаваць макраэканамічную стабільнасць, давер людзей і спакой у грамадстве. Пра гэта заявіў 19 ліпеня старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Рубінаў на III Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў падчас агульных дэбатаў на тэму "Парламенты ў свеце крызісу: забеспячэнне глабальнай дэмакратычнай падсправаздачнасці і адказнасці ў інтарэсах усеагульнага дабра". Форум праходзіць па 21 ліпеня ў Жэневе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі сакратарыята Савета Рэспублікі. Асаблівая роля ў вырашэнні задач па пераадоленні крызісу легла на парламентарыяў, адзначыў спікер. Дзякуючы іх намаганням быў прыняты шэраг законаў, накіраваных перш за ўсё на лібералізацыю ўмоў гаспадарання, стымуляванне прадпрымальніцкай ініцыятывы грамадзян і дзяржаўную падтрымку насельніцтва. У выніку прынятых мер Беларусь па выніках рэйтынгу штогадовай справаздачы Сусветнага банка "Вядзенне бізнесу" ў 2009 годзе паднялася з 82-га на 58-е месца. Як падкрэсліў Анатоль Рубінаў, пастаўлена яшчэ больш важная задача - увайсці па гэтым параметры ў трыццатку першых краін. Неабходнай умовай захавання стабільнасці ў грамадстве з'яўляецца забеспячэнне цеснага дыялогу ўлады з грамадзянамі, падкрэсліў у выступленні кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента. Найбольш эфектыўнай формай работы членаў Савета Рэспублікі з насельніцтвам з'яўляецца правядзенне асабістага прыёму грамадзян і разгляд іх зваротаў. Гэта дазваляе парламентарыям быць у курсе патрэб грамадства, атрымліваць інфармацыю аб стане спраў на месцах, выяўляць балючыя кропкі і прымаць неабходныя меры для аператыўнага вырашэння пытанняў, якія хвалююць людзей.