29 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь заўсёды будзе ісці ў першых шэрагах краін, якія аказваюць падтрымку бежанцам. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Вярхоўным камісарам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па справах бежанцаў Антоніу Гутэрышам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У вас вельмі ганаровая місія. Вы, напэўна, больш за іншых дапамагаеце людзям, якія апынуліся ў бядзе. Я вельмі рады, што вы маеце магчымасць паглядзець на нашу краіну, пераканацца ў рэальным становішчы спраў тут, а таксама ў самай праблемнай катэгорыі людзей у нашым свеце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Антоніу Гутэрыша. - На жаль, з цягам часу такіх праблемных людзей, у якіх не складваецца сітуацыя на радзіме, становіцца не менш. Мы гэта адчуваем у нашай краіне. У нас пастаянна тысячы і тысячы людзей - бежанцаў, асоб без грамадзянства, якія просяць дапамогу ў нашай краіны. У сілу сваіх магчымасцей і нават праз немагчымае мы прадастаўляем ім дапамогу".
Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь заўсёды будзе супрацоўнічаць з УВКБ ААН, ідучы ў першых шэрагах краін, якія аказваюць падтрымку бежанцам.
У сваю чаргу Антоніу Гутэрыш адзначыў, што звычайна яму даводзіцца здзяйсняць візіты ў краіны, дзе назіраецца крызісная сітуацыя. Але ў Беларусь ён прыехаў, каб выказаць прызнанне і павагу. Вярхоўны камісар нагадаў, што напярэдадні было падпісана Пагадненне паміж Беларуссю і УВКБ ААН аб супрацоўніцтве і прававым статусе Прадстаўніцтва УВКБ ААН і яго персаналу ў Беларусі. Ён адзначыў высокі ўзровень супрацоўніцтва, які склаўся паміж УВКБ ААН і міністэрствамі і ведамствамі рэспублікі, якія працуюць у сферы міграцыі.
"На шчасце, Беларусь абышла бокам праблема ксенафобіі, якая ёсць у многіх краінах свету. Таму мы разглядаем Беларусь як стратэгічнага партнёра не толькі з пункту гледжання абароны бежанцаў. Не менш важная і тая падтрымка, якую Беларусь аказвае ў пытаннях барацьбы з гандлем людзьмі не толькі на нацыянальным, але і на сусветным узроўні", - сказаў Антоніу Гутэрыш.-0-
БЕЛТА
Беларусь заўсёды будзе аказваць падтрымку бежанцам
29.7.20100 праглядаў