Беларусь плануе арганізаваць свае вытворчасці на пустуючых магутнасцях у Расіі. Аб гэтым на нарадзе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў далажыў кіраўнік урада Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Па словах прэм'ер-міністра, на некаторых прамысловых прадпрыемствах існуюць вялікія складскія запасы. Перш за ўсё гэтае пытанне тычыцца Мінскага трактарнага завода, заводаў "Атлант" і "Белшына". Як растлумачыў Раман Галоўчанка, для МТЗ існуючыя запасы не крытычныя, тым больш значная частка трактароў ужо законтрактавана.

Суб'ектыўнай праблемай для "Атланта" стала падзенне попыту ў Расіі на беларускія халадзільнікі і маразільнікі. Гэта абумоўлена як у цэлым нізкім узроўнем продажаў тавараў працяглага карыстання ў гэтай краіне, так і масавым прыходам новых вытворцаў на расійскі рынак, у першую чаргу з Кітая. "Атлант" пакуль вырашыў зрабіць манеўр: скараціць выпуск халадзільнікаў і засяродзіцца на вытворчасці пральных машын, попыт на якія цяпер высокі.

Раман Галоўчанка лічыць, што з улікам сітуацыі ў развіцці беларускай прамысловасці неабходна рухацца па двух вектарах: не толькі нарошчваць магутнасці ўнутры краіны, але і арганізоўваць новыя вытворчасці ў суседніх дзяржавах.

"Мы, напэўна, крыху момант прапусцілі, таму што тыя магутнасці, з якіх сышлі недружалюбныя краіны, паціху замяшчаюцца расійскімі і кітайскімі вытворцамі. Разам з паслом у Расіі мы правялі аналіз тых магутнасцей, якія яшчэ засталіся ў Расіі, пакуль кінутыя, калі можна так сказаць. Нам трэба зараз выбраць і актыўна заходзіць на гэтыя плошчы для таго, каб арганізаваць вытворчасці, фарміруючы цэнтр прыбытку там і ажыццяўляючы туды пастаўкі камплектаў, абсталявання з Беларусі", - сказаў прэм'ер-міністр.

"Гэта стратэгія. Мы абмяркоўвалі, нічога новага ў гэтым няма. Не толькі ў Расіі - дзе толькі можна трэба ствараць свае магутнасці, вытворчасці, калі гэта нам выгадна, і дзейнічаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Крыніца: belta.by