10 мая, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Беларусь запусціла нацыянальную сістэму анлайн-браніравання. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік дырэктара па развіцці бізнесу кампаніі-распрацоўшчыка "Джэнерэйшн-Пі Кансалтынг" (рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій) Аляксей Гламозда.
У цяперашні час праз нацыянальны гасцінічны кансалідатар даступна каля 40 беларускіх гасцініц. Забраніраваць гасцінічныя апартаменты можна праз афіцыйны партал Беларусі Belarus.by (раздзел "Турызм") і партал Нацыянальнага агенцтва па турызме, з якімі інтэгравана нацыянальная сістэма анлайн-браніравання.
У бліжэйшыя месяцы колькасць прапанаваных для анлайн-браніравання гасцініц плануецца падвоіць. Акрамя таго, нацыянальная сістэма гатова да інтэграцыі з міжнароднымі кансалідатарамі. Пасля далучэння да іх беларускія гасцініцы стануць даступныя для сотняў тысяч замежных тураператараў.
"Падчас перамоваў замежныя калегі праявілі вялікую цікавасць да беларускай сістэмы, - адзначыў Аляксей Гламозда. - Паколькі сістэма мае статус нацыянальнай, яна стане адзінай кропкай доступу да большасці гасцініц рэспублікі".
Неўзабаве праз сістэму анлайн-браніравання таксама можна будзе забраніраваць базу адпачынку, арандаваць аўтамабіль, замовіць аўтамабільны трансфер або экскурсію. У нацыянальным кансалідатары плануецца сабраць большую частку экскурсійных праграм па Беларусі, прапанаваных турыстычнымі фірмамі. Цяпер у краіне налічваецца каля 1 тыс. экскурсійных маршрутаў.
Нацыянальная сістэма анлайн-браніравання з'яўляецца складовай часткай Адзінай турысцка-інфармацыйнай сеткі (ЕТІС) - адзінага інфармацыйнага поля, якое ўключае турыстычны інтэрнэт-партал, інфармацыйныя тэрміналы і інш. Гэты маштабны праект ахоплівае розныя аспекты ўнутранага і ўязднога турызму. Яго асноўным прынцыпам з'яўляецца даступнасць інфармацыі аб турыстычных рэсурсах Беларусі.-0-
БЕЛТА
Беларусь запусціла нацыянальную сістэму анлайн-браніравання
10.5.20110 праглядаў