Беларусь абароніць свой унутраны рынак увядзеннем пошлін і збораў пры вывазе сацыяльна значных тавараў за межы Мытнага саюза
13.6.20110 праглядаў
13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь увядзе абмежавальныя меры для прадухілення спекулятыўнага вывазу ў суседнія краіны сацыяльна значных тавараў. Гэтае пытанне абмяркоўвалася 10 чэрвеня ў ходзе рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Леанідам Мальцавым. На сустрэчы таксама прысутнічала кіраўніцтва МУС, КДБ, Дзяржаўнага мытнага і Дзяржаўнага пагранічнага камітэтаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы завастрыў увагу на праблеме актыўнага вывазу ў суседнія краіны сацыяльна значных тавараў, у тым ліку аўтамабільнага паліва, прадуктаў харчавання, на якія цэны ў Беларусі значна ніжэйшыя, чым у суседзяў. "Таму, натуральна, ствараецца не проста пагроза, а мы назіраем неарганізаваны, на шкоду нашым таваравытворцам вываз гэтай прадукцыі", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, калі дзейнічаць рынкавымі мерамі, то трэба было б істотна падняць цэны на ўнутраным рынку, што ў цяперашняй сітуацыі немагчыма. "Таму вымушаная, але, на жаль, неабходная мера, якую трэба прыняць – спыніць несанкцыянаваны спекулятыўны вываз з Беларусі тавараў за межы краіны", – сказаў Прэзідэнт.
Разам з тым ён падкрэсліў, што забараняць вываз тавараў не плануецца: "Напрыклад, калі вязеш паліва ў Літву, заплаці экспартную пошліну на гэты бензін або нафту, або ж дызпаліва і вязі, калі ласка – ніхто не супраць".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што напярэдадні даручыў выпрацаваць комплекс мер і ўжо з заўтрашняга дня прыступіць да іх рэалізацыі па спыненні спекулятыўнага вывазу прадукцыі. Пры гэтым у дачыненні да парушальнікаў Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дзейнічаць самым сур'ёзным чынам: "Меры прымайце любыя, аж да канфіскацыі маёмасці, якой яны карыстаюцца для вывазу гэтых прадуктаў (аўтамабіль, каляска, конь і г.д.). Нельга – значыць нельга".
"Прыняты рашэнні, і гэтыя рашэнні ўжо ўвасабляюцца ў жыццё, што пры вывазе за тэрыторыю Мытнага саюза аўтамабільнага паліва і іншых сацыяльна значных тавараў, на якія існуе розніца цэн, будуць прымяняцца адпаведныя пошліны або зборы, якія будуць кампенсаваць гэту розніцу цэн", – паведаміў Леанід Мальцаў.
"Гэта агульнасусветная практыка абароны ўнутранага рынку ў інтарэсах сваіх грамадзян", – адзначыў Дзяржсакратар.
Ён таксама асабліва падкрэсліў, што ўсе абмежаванні будуць уводзіцца ў строгай адпаведнасці з абавязацельствамі, якія ўзяла на сябе Беларусь у рамках міжнародных дамоўленасцей, і будуць насіць часовы характар.
БЕЛТА