4 лістапада, Мінск /Лілія Крапіўная - БЕЛТА/. Беларусь завершыць акцыянаванне ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў да 2013 года. Пра гэта заявіла сёння на Мінскім форуме дырэктар Фонду дзяржаўнай маёмасці Дзяржкаммаёмасці Беларусі Наталля Жарнасек, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах дырэктара фонду, ужо сфарміраваны планы прыватызацыі на наступныя тры гады. За гэты час будзе акцыянавана больш за 500 прадпрыемстваў. У гэтым годзе такая працэдура завяршаецца на трох буйных прадпрыемствах, у тым ліку "Беларуськалій" ужо акцыянаваны. Два прадпрыемствы па транспарціроўцы нафтапрадуктаў - "Гомельтранснафта" і Наваполацкі нафтаправод "Дружба" - акцыянуюць да канца года. Завяршаецца таксама акцыянаванне станкабудаўнічых прадпрыемстваў Беларусі. Плануецца стварыць станкабудаўнічы холдынг. Наталля Жарнасек нагадала, што за апошнія два гады акцыянаваны найбуйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы - МАЗ, БелАЗ, "Інтэграл", "БелОМА". У выніку ўсё машынабудаванне Беларусі, акрамя трактарнага і сельскагаспадарчага, будзе акцыянавана ў гэтым годзе. Што тычыцца прадпрыемстваў сельгасмашынабудавання, то іх пераўтварэнне запланавана на 2011-2013 гады. У лік прадугледжаных да прыватызацыі ў 2011-2013 гадах больш за 500 прадпрыемстваў не ўваходзяць арганізацыі энергетыкі і газазабеспячэння, якія складаюць энергетычную бяспеку краіны. Такім чынам, практычна ўвесь прамысловы комплекс Беларусі будзе акцыянаваны, падкрэсліла дырэктар фонду. Яна таксама выказала надзею, што ў наступным перыядзе здзелкі ў плане продажаў будуць больш паспяховымі .-0-

БЕЛТА