20 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусбанк з 1 жніўня спыняе аперацыі продажу дарожных чэкаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў банку.
"У адпаведнасці з рашэннем кампаніі American Express (ЗША), якая з'яўляецца эмітэнтам дарожных чэкаў American Express, з 1 жніўня 2013 года спыняецца продаж гэтых дарожных чэкаў на тэрыторыі Беларусі. У сувязі з гэтым Беларусбанк будзе ажыццяўляць рэалізацыю дарожных чэкаў American Express па 31 ліпеня 2013 года", - адзначылі ў Беларусбанку.
Купля дарожных чэкаў American Express будзе ажыццяўляцца Беларусбанкам па 30 лістапада 2013 года.
Гісторыя Беларусбанка пачынаецца ў 1922 годзе. Сёння гэта найбуйнейшая ўніверсальная фінансава-крэдытная ўстанова краіны, якая прапануе сваім кліентам больш за 100 відаў банкаўскіх паслуг і прадуктаў. ААТ "АСБ Беларусбанк" з'яўляецца галоўнай арганізацыяй банкаўскага холдынгу. Доля Рэспублікі Беларусь ва ўстаўным фондзе банка складае 97,98%.-0-