16 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Беларусбанк захоўвае ўсе даныя аб укладах Сбербанка СССР, зробленых да пачатку 1990-х гадоў, і мае па іх разлікі, паведаміла ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня праўлення ААТ "АСБ Беларусбанк" Надзея Ермакова. Яна прымала ўдзел у адзіным дні інфармавання "Беларусь - сацыяльная дзяржава: асноўныя вынікі развіцця ў 2006-2010 гг." у Віцебску. "Пытанне кампенсацыі савецкіх укладаў стаіць на парадку дня", - сказала Надзея Ермакова. Паводле яе слоў, некалькі гадоў таму былі праведзены нават разлікі па поўнай кампенсацыі, аднак сусветны фінансавы крызіс не дазволіў рэалізаваць гэтыя планы. Разам з тым кіраўнік Беларусбанка не выключае таго, што ў найбліжэйшым пяцігоддзі магчымасць поўнай кампенсацыі ўкладаў будзе рэалізавана. "Кампенсаваць нязначныя сумы - гэта няправільна. Усё будзе зроблена сумленна, але для гэтага патрэбныя вялікія грошы. Думаю, у найбліжэйшым пяцігоддзі крокі будуць зроблены, калі мы не станем горш працаваць", - дадала яна. Пасля распаду СССР, згодна з падпісаным 13 сакавіка 1992 года Пагадненнем аб прынцыпах і механізме абслугоўвання ўнутранага доўгу былога СССР, запазычанасць перад насельніцтвам па укладах Ашчаднага банка СССР, па выпушчаных і непагашаных дзяржаўных пазыках выпуску 1982 і 1990 гадоў, а таксама сумы унёскаў грамадзян па даўгачасных дагаворах страхавання былі аформлены кожнай краінай як унутраны дзяржаўны доўг, абслугоўванне якога адносіцца да кампетэнцыі Міністэрства фінансаў адпаведнай дзяржавы. Усе выдаткі па абслугоўванні дзяржаўнага ўнутранага доўгу былога СССР за перыяд, пачынаючы з 1 студзеня 1992 года, ажыццяўляюцца бакамі за кошт іх дзяржаўных бюджэтаў.-0-

БЕЛТА