Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" правядзе 2 верасня для навучэнцаў мінскіх школ адкрыты ўрок, прымеркаваны да Дня ведаў, паведамілі БЕЛТА на кінастудыі.

"Знакавай падзеяй нашай краіны з'яўляецца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму гэтая тэма знойдзе адлюстраванне ў мерапрыемстве, - расказалі на кінастудыі. - Навучэнцы сярэдніх школ №36 і №17 пазнаёмяцца з гістарычнымі фактамі, няпростымі лёсамі ўдзельнікаў вайны і іх гераічнымі подзвігамі".

"Супрацоўнікі "Беларусьфільма", пераапранутыя ў школьную і ваенную форму, правядуць тэматычную экскурсію, пазнаёмяць з кінастудыяй, здымачнымі павільёнамі, у адным з якіх будзе падрыхтавана спецыяльная экспазіцыя і фотазона, - адзначылі арганізатары. - Таксама школьнікі змогуць наведаць піратэхнічны ўчастак студыі.
Працягнецца свята праглядам анімацыйных фільмаў, прысвечаных тэме вайны, і гутаркай з рэжысёрам-мультыплікатарам. Акрамя таго, дырэктар кінастудыі прывітае нашых юных гасцей і павіншуе з пачаткам навучальнага года".

Прэзідэнцкая бібліятэка Беларусі прадставіць унікальныя дакументы і артэфакты часоў Вялікай Айчыннай вайны з калекцыі "Дом урада - гісторыя, дакументы, людзі", а таксама пісьмо нямецкай дзяўчыны, якая працавала ў Доме ўрада ў акупаваным Мінску, і пісьмо савецкаму салдату ад родных. Аб рабоце савецкай ваенна-паштовай службы ў гады вайны раскажуць работнікі РУП "Белпошта".

Адкрыты ўрок на "Беларусьфільме" пройдзе падчас мерапрыемстваў, рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пад назвай "Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!"

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", Прэзідэнцкая бібліятэка Беларусі і РУП "Белпошта".

Навіны Беларусі (БЕЛТА)