29 красавіка, Гродна /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Беларусі неабходны сур'ёзныя меры па дэбюракратызацыі. Аб гэтым заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік на семінары кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нам неабходна засяродзіць максімум намаганняў на дэбюракратызацыі краіны, - сказаў віцэ-прэм'ер. – Мы так пагрузіліся ў багацце папер, перапіску. Дзве траціны гэтай перапіскі абсалютна не патрэбныя". Па словах Анатоля Тозіка, гэта адцягвае людзей, гасіць ініцыятыву. "Мы робім выгляд, што мы ўсе пры справе, перацягваючы гэтыя паперы з кабінета ў кабінет, і з пачуццём выкананага абавязку ідзем дадому, - дадаў ён. - Я казаў на пасяджэнні ўрада, што мы ганарымся, што працуем па 12-14 гадзін, уключаючы часам суботу і нядзелю. Аднак гэтым не трэба ганарыцца, гэтага трэба саромецца". Гэта проста няўменне арганізаваць сваю працу і працу сваіх супрацоўнікаў, сказаў ён.
Прадстоіць таксама правесці каласальную працу па дэцэнтралізацыі і скарачэнні працэсу прыняцця рашэнняў. Для вырашэння пастаўленых задач неабходна адпаведная нарматыўная база і жаданне чыноўнікаў, падкрэсліў Анатоль Тозік. На яго думку, супрацоўнікам органаў дзяржкіравання "неабходна браць канкрэтнае пытанне і калі яно тыпавое, вырашаць яго хутка ў маштабах краіны".
Па словах віцэ-прэм'ера, неабходны меры па стымуляванні ініцыятывы і эфектыўнасці працы. Асаблівую ўвагу трэба надаць пераадоленню кіраўнікамі прадпрыемстваў страху прымаць сур'ёзныя рашэнні. "Часта мы сутыкаемся з нежаданнем кіраўніка браць на сябе адказнасць і прымаць рашэнне, – адзначыў ён. - Такога быць не павінна".
У бліжэйшыя гады ў Беларусі плануюцца меры па далейшым спрашчэнні падатковай сістэмы, удасканаленні бухгалтэрскага ўліку. Па словах Анатоля Тозіка, яны ў Беларусі адны з самых складаных у свеце. У краіне прымаюцца дзеянні па вырашэнні гэтай сітуацыі. "Так, мы нядаўна колькасць абавязковых уліковых дакументаў скарацілі з 1600 да 8", - нагадаў ён.
Віцэ-прэм'ер дадаў, што чыноўнікі павінны больш актыўна працаваць са зваротамі грамадзян. "Дзяржава павінна быць вельмі ўважлівай да грамадзяніна, аднак і ў гэтым пытанні павінен быць баланс", - сказаў Анатоль Тозік, дадаўшы, што некаторыя скаргі і звароты людзей у дзяржорганы з'яўляюцца неабгрунтаванымі. -0-
БЕЛТА
Беларусі патрэбны сур'ёзныя захады па дэбюракратызацыі - А.Тозік
29.4.20110 праглядаў