Беларусі патрэбна новая філасофія фармавання інавацыйнай палітыкі – вучоны
28.10.20110 праглядаў
28 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Беларусі неабходна новая філасофія фарміравання інавацыйнай палітыкі. Такое меркаванне выказала загадчыца кафедры эканомікі прамысловых прадпрыемстваў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта прафесар, доктар эканамічных навук Людміла Нехарошава на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Сацыяльна-эканамічнае развіццё арганізацый і рэгіёнаў Беларусі: мэты, прыярытэты, механізмы структурных пераўтварэнняў", якая праходзіць у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Навізна заключаецца ў неабходнасці прымяняць шматузроўневы падыход, удакладніла вучоны. Фарміраванне інавацыйнай палітыкі трэба пачынаць перш за ўсё з адсочвання і аналізу глабальных тэндэнцый для наступнага прыняцця рашэнняў, накіраваных, што вельмі важна, на стварэнне глабальных канкурэнтных пераваг. Сёння змены знешняга асяроддзя ўжо ў значна большай ступені ўплываюць на працу прадпрыемстваў, чым выкарыстанне яго ўнутраных рэсурсаў. Любая арганізацыя існуе ў глабальным патоку капіталаў, тэхналогій, тавараў, і трэба ўмець ацаніць сусветныя тэндэнцыі, каб забяспечваць больш высокі ўзровень глабальнай канкурэнтаздольнасці. "Сёння тэмпы развіцця вельмі высокія, і тыя суб'екты, хто павольна ідзе, ужо загадзя ў адстаючых, таму вельмі важна ў інавацыйнай палітыцы выкарыстоўваць адэкватную інфармацыю аб глабальных тэндэнцыях", - падкрэсліла Людміла Нехарошава.
Наступным узроўнем павінен стаць наднацыянальны ўзровень пры фарміраванні стратэгіі інавацыйнага развіцця, які прадугледжвае выкарыстанне патэнцыялу міжрэгіянальных альянсаў з іншымі дзяржавамі. Актыўны ўдзел у міжнародных супольнасцях дае магчымасць акумуляваць рэсурсы для інавацыйнай дзейнасці. Сёння Беларусь мае магчымасць актыўна выкарыстоўваць патэнцыял міжнароднай праграмы інавацыйнага развіцця краін СНД да 2020 года. Акрамя таго, Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора Беларусі, Расіі і Казахстана таксама могуць станоўча ўплываць на інавацыйныя працэсы.
Яшчэ адным важным аспектам інавацыйнай палітыкі з'яўляецца развіццё інавацыйнай інфраструктуры. Як паказвае досвед іншых краін, навукова-тэхналагічныя паркі, інавацыйныя цэнтры, цэнтры трансферу тэхналогій ствараліся менавіта ў крызісных умовах. Для стварэння інфраструктуры не варта чакаць часоў, калі "мы разбагацеем", падкрэсліла Людміла Нехарошава. "Цяпер асаблівую актуальнасць набывае фраза "Прымяняць інавацыі або знікнуць!", што азначае: калі мы не інавацыйныя, то не канкурэнтаздольныя і з гэтай прычыны выпадаем з рынку", - дадала вучоны.
БЕЛТА