22 кастрычніка, Мінск /Таццяна Чумакова - БелТА/. Канцэрн "Беллегпрам" пацвярджае факт здзелкі СТАА "Сан Марка" з італьянскай кампаніяй "Балдзініні". Пра гэта карэспандэнту БелТА паведаміла прэс-сакратар канцэрна Таццяна Пышкала. На бягучым тыдні ў СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што прэзідэнт італьянскай кампаніі Джымі Балдзініні афіцыйна заявіў, што ніякіх дамоўленасцей з віцебскім вытворцам у яго няма. "Па запыце ў "Беллегпрам" прадастаўлены копіі кантракту на рускай і італьянскай мовах СТАА "Сан Марка" з італьянскай фірмай "Балдзініні" і дадатковае пагадненне да названага кантракту таксама на дзвюх мовах", - сказала прэс-сакратар. Згодна з кантрактам, заключаным 9 сакавіка 2010 года паміж двума вытворцамі, "Балдзініні" пастаўляе абутак, а таксама абутковыя калодкі, падэшвы, іншыя тавары для вытворчасці 100 мадэляў абутку згодна са спецыфікацыямі на агульную суму 120 тыс. еўра, а "Сан Марка" абавязана аплаціць тавар у тэрміны, вызначаныя кантрактам. У спецыфікацыях пазначаюцца найменне, колькасць, цана тавару, яго кошт, тэрмін і ўмовы пастаўкі. У кантракце агавораны іншыя ўмовы, парадак прад'яўлення прэтэнзій і скасавання кантракту, працэдуры перадачы правоў, перапіскі і вырашэння спрэчак. У дадатковым пагадненні ад 10 сакавіка 2010 года да кантракту пазначана, што "Балдзініні" пастаўляе распрацаваныя ім мадэлі абутку і ўзоры гэтых мадэляў у "Сан Марка" згодна са спецыфікацыямі. У пагадненні таксама адзначана, што "Сан Марка" мае права выкарыстоўваць тавар для ўласнай вытворчасці абутку, вырабленага на аснове пастаўленых мадэляў, пад сваім таварным знакам. Прэс-сакратар дадала, што СТАА "Сан Марка" зацікаўлена ў працягу супрацоўніцтва з італьянскай фірмай "Балдзініні". "Сан Марка" створана ў 2003 годзе. Выпускае мужчынскі, жаночы і дзіцячы абутак рознага прызначэння. Уваходзіць у склад беларуска-германскай кампаніі "Марка". У 2009 годзе "Сан Марка" выпусціла 808 тыс. пар абутку (тэмп росту да ўзроўню 2008 года 106,6%), у тым ліку дзіцячага - 218 тыс. пар (27% ад агульнага аб'ёму вытворчасці), жаночага - 426 тыс. пар (52,7%), мужчынскага - 164 тыс. пар (20,3%). У 2009 годзе выраблена каля 400 мадэляў абутку, у тым ліку асвоена 252 новыя. Каля 40% прадукцыі экспартуецца ў Расію. На прадпрыемстве працуюць 830 чалавек.