Беларус Яўген Славіч на конкурсе маладых выканаўцаў "Віцебск-2012" выступіць пад нумарам 8
13.7.20120 праглядаў
13 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. У пятніцу, 13-га, адзін з удзельнікаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" выцягнуў шчаслівы нумар на жараб'ёўцы спаборніцтва, што пачынаецца, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праўда, імя шчасліўчыка-пераможцы стане вядома толькі 16 ліпеня - у дзень, калі міжнароднае журы аб'явіць імёны уладальніка Гран-пры і лаўрэатаў. А пакуль маладыя выканаўцы даведаліся, пад якімі нумарамі яны будуць выступаць на працягу двух конкурсных дзён - 14 і 15 ліпеня. Прадстаўнік Беларусі Яўген Славіч выцягнуў нумар 8. Адкрые конкурс Славіна Калканджыева з Балгарыі. Расіянцы Анастасіі Казловай дастаўся нумар 16, а вось украінцы Галіне Конах у пятніцу 13-га, хто ведае, можа, і пашанцавала з нумарам 13.
На памяць аб конкурсе яго ўдзельнікі ўжо атрымалі першыя сувеніры - гліняны гадзіннік ручной працы. Гэтая скульптура нібы сышла з карцін Шагала, і, па словах арганізатараў, гэта даніна памяці вядомаму на ўвесь свет ураджэнцу Віцебска, 125-годдзе з дня нараджэння якога тыдзень таму адзначылі ў Віцебску.
У жараб'ёўцы прынялі ўдзел 20 маладых выканаўцаў замест 21 заяўленага. Дырэктар фестывалю Радзівон Бас растлумачыў карэспандэнту БЕЛТА, што Ніка Анталёс з Харватыі не паспела атрымаць візу і выбыла з конкурснай праграмы.
У першы дзень конкурсу маладыя таленты будуць выступаць на сцэне Летняга амфітэатра пад фанаграму "мінус адзін", у другі, 15 ліпеня, - у суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга.
У гэтым годзе ў конкурсе прымуць удзел Руслан (Арменія), Славіна Калканджыева (Балгарыя), Джорджэ Ёванчыч (Боснія і Герцагавіна), Федэрыка Марынарыя (Італія), Дарыя Габдул (Казахстан), Луселія Ролдан (Куба), Саманта Ціна (Латвія), Саша Сонг (Літва), Бабан Майсоўскі (Македонія), Алёна Трыбой (Малдова), Анастасія Казлова (Расія), Аляксандру (Румынія), Сюзана Дзініч (Сербія), Давід Гром (Славенія), Карына Газіянц (Узбекістан), Галіна Конах (Украіна), Іва (Чарнагорыя), Міхаэла Носкава (Чэхія), Карына (Эстонія).
Беларусь на конкурсе прадставіць Яўген Славіч. Ён нарадзіўся 18 красавіка 1989 года ў Шклове. Яўген скончыў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў – аддзяленне эстраднага майстэрства. На дадзены момант ён – студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яўген з 14 гадоў прымае ўдзел у канцэртах. Малады чалавек уваходзіў у склад ансамбля "Vivat", з якім выступаў на сцэнах Палаца Рэспублікі і Белдзяржфілармоніі. Яўген – лаўрэат III прэміі IX Рэспубліканскага конкурсу эстрадных выканаўцаў "Белазаўскі акорд" (Беларусь, 2010), лаўрэат III прэміі рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні XI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2011", лаўрэат рэспубліканскага творчага конкурсу "Маладыя таленты Беларусі".
Журы ХХI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" узначаліць народны артыст Расіі Максім Ісаакавіч Дунаеўскі. У склад журы конкурсу ўвайшлі Аляксандр Ціхановіч, спявак, народны артыст Беларусі; Весялін Марынаў, папулярны спявак (Балгарыя); Сайман Бас, кампазітар (Вялікабрытанія); Алесандра Сафіна, папулярны спявак, акцёр (Італія); Карлыгаш Абдыкарымава, дырэктар міжнароднага музычнага конкурсу "Бозторгай", заслужаны дзеяч культуры Казахстана; Марыя Навумава, папулярная спявачка, лаўрэат Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-1999", пераможца конкурсу песні Еўравізія 2002 года (Латвія); Каліопі, папулярная спявачка (Македонія); Карына Кірыак, папулярная спявачка (Румынія); Юрый Квяленкоў, спявак, прадзюсар, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны; Аннэ Вескі, папулярная спявачка (Эстонія).
Па выніках выступленняў удзельнікам конкурсу будуць прысуджаны прызы і прэміі. Лаўрэатам конкурсу будуць уручаны спецыяльныя прызы "Ліра" і дыпломы ўладальніка адпаведнай прэміі. Уладальнік Гран-пры атрымае $15 тыс., 1-й прэміі – $9 тыс., 2-й прэміі – $6 тыс., 3-й прэміі – $3 тыс. Удзельнікі конкурсу, не ўдастоеныя звання "лаўрэат", будуць узнагароджаны дыпломам, з прысваеннем звання "Дыпламант XXI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012". Таксама ў межах конкурсу па ўзгадненні з Дырэкцыяй фестывалю і Міжнародным журы магчыма заснаванне спецыяльных прэмій і прызоў конкурсантам арганізацыямі, аб'яднаннямі, прадпрыемствамі розных форм уласнасці, сродкамі масавай інфармацыі, выдатнымі дзеячамі культуры і выканаўцамі эстрады.Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XXI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" пройдзе 16 ліпеня ў Віцебскай абласной філармоніі.-0-
БЕЛТА