6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выдача першых дазволаў на прымежны рух жыхарам прымежных тэрыторый Беларусі і Латвіі чакаецца пасля 20 лютага. Аб гэтым паведаміў у эфіры тэлеканала СТБ начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Беларусі Аляксандр Астроўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Паводле яго слоў, з 1 лютага беларуская консульства ў Даўгаўпілсе і латвійскае консульства ў Віцебску пачалі прыём дакументаў для афармлення дазволаў на прымежны рух жыхарам прымежных тэрыторый Беларусі і Латвіі. "Пачалася не выдача дазволаў, а прыём дакументаў для разгляду пытанняў. На гэту працэдуру адводзіцца 20 дзён", - адзначыў Аляксандр Астроўскі. Беларусь некалькі гадоў таму практычна адначасова пачала працу над тэкстамі пагадненняў аб прымежным руху з Латвіяй, Літвой і Польшчай. У лютым 2010 года было падпісана пагадненне з Польшчай, у жніўні 2010-га - з Латвіяй, а ў кастрычніку 2010 года - з Літвой. "Па нашай інфармацыі, Літва актыўна рыхтуецца да рэалізацыі пагаднення. Ступень нашай гатоўнасці таксама высокая", - растлумачыў начальнік упраўлення. "Калі казаць пра Польшчу, то гэтае пытанне ляжыць цалкам у плоскасці адпаведнага палітычнага фону двухбаковых адносін", - дадаў прадстаўнік МЗС. Ён таксама падкрэсліў, што прымежны рух з'яўляецца распаўсюджанай практыкай Еўрасаюза. "У межах палітыкі добрасуседства было прынята рашэнне аб устанаўленні палегчанай працэдуры перасячэння мяжы для грамадзян краін, якія мяжуюць з Еўрасаюзам", - звярнуў увагу Аляксандр Астроўскі.-0-

БЕЛТА