4 красавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае, што сельскагаспадарчыя палы і выпальванне сухой расліннасці ў Беларусі забаронены. За незаконнае выпальванне сухой травы пагражае штраф да Br1,4 млн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў міністэрстве. Па словах эколагаў, у выніку палы краіна нясе велізарныя эканамічныя і экалагічныя страты. Прыродзе наносіцца непапраўная шкода. "Сухая трава штогод палыхае па ўсёй тэрыторыі Беларусі, працягваючы наносіць каласальную шкоду як прыродзе, так і людзям, - сказалі ў Мінпрыроды. - Пажары складаюць велізарную пагрозу біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці". У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама стэрні і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі палы вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад дзесяці да сарака базавых велічынь (Br350 тыс. - Br1,4 млн.). За распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дванаццаці базавых велічынь (Br420 тыс.). Заканадаўствам за падобныя парушэнні прадугледжана і крымінальная адказнасць, падкрэслілі экалогі. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя звяртаецца да жыхароў Беларусі з разуменнем аднесціся да гэтай праблемы, не дапускаць парушэнняў дзеючага заканадаўства.-0-

БЕЛТА