14 чэрвеня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. РУП "Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" пачало рэалізацыю эксперыменту па выпуску бензіну АІ-92 з мыючай прысадкай. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе аб'яднання. Эксперымент звязаны з ініцыятывай ВА арганізаваць вытворчасць бензіну, які адпавядае сучасным стандартам Сусветнай паліўнай Хартыі. Гэтая дэкларацыя патрабаванняў да якасці аўтамабільнага бензіну і дызельнага паліва была апублікавана ў 1998 годзе вядучымі сусветнымі вытворцамі аўтамабіляў і аўтамабільных рухавікоў. Адной з асноўных умоў Хартыі з'яўляецца мінімізацыя ўласцівасці бензіну да адкладання нагару на дэталях упускной сістэмы рухавіка за кошт прымянення спецыяльных мыючых прысадак. Вытворчасць навінкі асвоена на Мазырскім складзе нафтапрадуктаў, дзе працуе сістэма аўтаматызаванага ўводу ў бензін прысадкі Keropur канцэрна BASF. Склад і аптымальная дазіроўка прысадкі былі спецыяльна падабраны для рынку Беларусі на падставе маторных тэстаў і выпрабаванняў, выкананых у Германіі. У цяперашні час бензін з прысадкай рэалізуецца на 14 АЗС Гомельскай вобласці, і па кошце ён не адрозніваецца ад бензіну без дабаўкі, а таксама не суправаджаецца спецыяльнай маркіроўкай. Пры гэтым кіроўцаў інфармуюць аб навінцы з дапамогай аб'яў і ўлётак. Па выніках маніторынгу рэалізацыі новай прадукцыі і апытання спажыўцоў будзе разглядацца магчымасць пашырэння аб'ёму продажаў. Кошт бензіну з прысадкай не плануецца павышаць. Як растлумачылі ў аб'яднанні, АІ-92 з прысадкай дазваляе максімальна захаваць характарыстыкі аўтамабіля, закладзеныя вытворцам, а таксама атрымаць шэраг дадатковых пераваг у параўнанні са звычайным бензінам. Так, рухавік ачышчаецца ад нагару, скарачаецца яго знос, прадухіляецца ўтварэнне карозіі, зніжаецца спажыванне паліва, памяншаецца ўзровень выкідаў шкодных рэчываў у выхлапных газах. У Заходняй Еўропе каля 80% бензіну змяшчае мыючыя прысадкі. У ЗША з 1996 года даданне мыючых прысадак у бензін з'яўляецца абавязковым. Беларускія і расійскія паліўныя стандарты - ГОСТ Р 51105-97, ГОСТ Р 51866-2002 (ЕН 228-99), СТБ 1656-2006 (ЕН 228:2004) дапускаюць даданне ў аўтамабільны бензін прысадак, якія паляпшаюць іх эксплуатацыйныя ўласцівасці.