6 жніўня, Браслаўскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусаў і расіян пасварыць не атрымаецца. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы сёння з адпачывальнікамі з Масквы на базе адпачынку "Дрывяты" нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Камусьці ў Расіі хочацца, каб мы з вамі пасварыліся, але я кажу - не дачакаецеся. Якія б фільмы там ні рабілі, што б ні пісалі, усё роўна не атрымаецца", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што ў стварэнні аб'ектаў турыстычнай інфраструктуры на Браслаўскіх азёрах мог бы прыняць удзел расійскі капітал, і ў далейшым сюды магло б прыехаць на адпачынак яшчэ больш расіян. Адна з адпачывальніц на "Дрывятах" масквічка (гендырэктар культурнага цэнтра "Пазітыў" і прэзідэнт міжнароднага клуба "Лэдзі-лідар" Марына Карастэлева) падзякавала Аляксандру Лукашэнку за тое, што ў Беларусі з вялікай увагай ставяцца да захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Яна адзначыла наяўнасць вялікай колькасці помнікаў і мемарыялаў, за якімі даглядаюць і падтрымліваюць у добрым стане. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у тым ліку для захавання памяці аб падзеях тых гадоў прынята рашэнне аб будаўніцтве новага сучаснага будынка ў Мінску для музея Вялікай Айчыннай вайны. Падчас наведвання турыстычнай базы "Дрывяты" кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з яе інфраструктурай і арганізацыяй работы. Уведзеная ў эксплуатацыю ў 1998 годзе база адпачынку займае плошчу 3,8 га, дзе размясціліся тры спальных корпуса амаль на 100 месцаў, рэстаран, банкетная зала, руская лазня, культурна-аздараўленчы цэнтр і іншыя аб'екты інфраструктуры. На тэрыторыі базы абсталяваны месцы для арганізацыі пікнікоў на адкрытым паветры, арганізаваны пракат лодак, абсталявана дзіцячая пляцоўка. Як далажыў Аляксандру Лукашэнку губернатар Віцебскай вобласці Аляксандр Косінец, плануецца актыўна развіваць магчымасці для адпачынку як на Браслаўскіх азёрах, так і ў вобласці ў цэлым. Ужо цяпер на Віцебшчыне дзейнічае амаль 300 аграсядзіб, і ў бліжэйшы час іх колькасць мяркуецца павялічыць да 500. У развіццё турыстычнай інфраструктуры, акрамя дзяржаўных сродкаў, актыўна прыцягваецца інвестарскі капітал. На думку Аляксандра Лукашэнкі, калі вырашыць праблему дарог, то гэта створыць дадатковыя магчымасці ў тым ліку і для прыцягнення інвестараў. У рэгіёне Браслаўскіх азёраў плануецца развіваць сетку дарог, якія звяжуць паміж сабой азёры.