Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях і Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці пры падтрымцы Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці па 15 лістапада праводзяць міжнародны конкурс па стварэнні сацыяльнай рэкламы "Інтэлектуальная ўласнасць: твары, вынаходзь, увасобь". Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства інфармацыі.
Ахвотныя могуць запоўніць на сайце НЦІУ заяўку на ўдзел у конкурсе з дадаткам працы індывідуальна або ў складзе груп. Да першай катэгорыі адносяцца дзеці (да 17 гадоў уключна), дарослыя (ад 18 гадоў і старэй) і індывідуальныя прадпрымальнікі, да другой - творчыя калектывы і арганізацыі.
Творчыя працы прымаюцца па трох намінацыях: "Тэкст", "Графіка" і "Відэа". У першай намінацыі арганізатары чакаюць слоганы, хэштэгі, чатырохрадкоўі. Графічная праца можа быць прадстаўлена плакатам, малюнкам, калажам, коміксам. У трэцяй намінацыі спаборнічаюць відэаролікі. У перыяд правядзення конкурсу плануецца арганізацыя розных мерапрыемстваў (лекцый, майстар-класаў, кансультацый), накіраваных на яго інфармацыйнае суправаджэнне: раскрыццё мэт і задач, інфармаванне аб асноўных палажэннях інтэлектуальнай уласнасці, абмеркаванне актуальных пытанняў у гэтай сферы.
У кожнай намінацыі і ўзроставай групе прафесійнае журы вызначыць пераможцаў і прызёраў, якім будуць уручаны дыпломы, памятныя падарункі і сувеніры ад арганізатараў. Усяго прадугледжваецца разыграць дзевяць камплектаў узнагарод. Працы будзе ацэньваць прафесійнае журы, якое складаецца з адмыслоўцаў у галіне інтэлектуальнай уласнасці, рэкламы, у тым ліку сацыяльнай, маркетынгу, асобных сфер творчасці.
Узнагароджанне пераможцаў і прызёраў адбудзецца 11 снежня падчас мерапрыемства, прысвечанага падвядзенню вынікаў 2019 года ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. На ім таксама будуць адзначаны ўзнагародамі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці асобы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сістэмы інтэлектуальнай уласнасці.
Лепшыя тэкставыя, графічныя і відэапрацы па тэме конкурсу будуць выкарыстаны ў якасці сацыяльнай рэкламы інтэлектуальнай уласнасці.