17 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскае аддзяленне БелГПП арганізуе 19-24 лістапада дзелавы візіт прадстаўнікоў будаўнічай галіны ў Дубай, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле знешнеэканамічнай дзейнасці прадпрыемства. Асноўным пунктам дзелавой праграмы паездкі стане наведванне міжнароднай выстаўкі будаўнічых тэхналогій, абсталявання, матэрыялаў і камунальнай гаспадаркі The BIG 5 Show 2011 у Дубаі. Удзельнікі беларускай дэлегацыі, у склад якой увайшлі кіраўнікі і спецыялісты чатырох прадпрыемстваў, пазнаёмяцца з перадавымі тэхналагічнымі рашэннямі для будаўнічай галіны, тэхналогіямі і абсталяваннем для будаўнічых работ, у тым ліку вырабамі з каменя і абсталяваннем для каменяапрацоўкі, керамікі, энергазберагальнымі тэхналогіямі ў будаўніцтве, воднымі тэхналогіямі і камунікацыямі. Акрамя таго, у гэтым годзе ўпершыню праграма будаўнічага шоу будзе дапоўнена экспазіцыяй гатовых вытворчасцей і абсталявання для арганізацыі выпуску будматэрыялаў і будаўнічай тэхнікі. Прадугледжваецца ўдзел больш за 2,5 тыс. кампаній-экспанентаў з 70 краін. Для беларускіх прамыслоўцаў плануецца арганізаваць бізнес-сустрэчы з патэнцыяльнымі партнёрамі. Будуць абмяркоўвацца пытанні арганізацыі паставак беларускай прадукцыі і паслуг на блізкаўсходні рынак, магчымасці па наладжванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у тым ліку па рэалізацыі сумесных праектаў і прыцягненні інвестыцый.-0-

БЕЛТА