29 красавіка, Гродна /Вольга Козловiч - БЕЛТА/. Неабходнасць правядзення сур'ёзных структурных рэформ назрела ў эканоміцы Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, выступаючы на семінары кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Лічу, што наша эканоміка не можа далей паспяхова развівацца ў існуючым фармаце і патрабуе сур'ёзных структурных рэформ", - сказаў віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, глыбокія эканамічныя пераўтварэнні ў Беларусі неабходна праводзіць, захоўваючы і ўмацоўваючы цяперашнюю палітычную сістэму. "Мой вопыт працы ў Кітаі гэта пацвярджае: многія краіны Паўднёва-Усходняй Азіі дамагліся каласальных поспехаў у эканоміцы і змаглі гэта зрабіць толькі з дапамогай моцнай палітычнай улады", - адзначыў ён. Анатоль Тозік звярнуў увагу на тое, што пяцігодка, якая завяршылася, стала для Беларусі перыядам выпрабаванняў і асэнсавання неабходнасці трансфармацыі эканамічнай мадэлі. Фінансава-эканамічны крызіс паказаў, што тая эканамічная мадэль, якую выбудавалі ў Беларусі, здольна забяспечыць развіццё краіны. У той жа час гэтая мадэль патрабуе далейшага ўдасканалення. "Трэба было прыкласці максімальныя намаганні, каб пераадолець гэты перыяд, і мы яго пераадолелі, ён прымусіў нас пераасэнсаваць сітуацыю, падштурхнуў да неабходнасці глыбокіх перамен", - сказаў намеснік кіраўніка ўрада. Віцэ-прэм'ер, у прыватнасці, адзначыў, што беларускія вытворцы пачалі губляць канкурэнтаздольнасць на знешніх рынках. На прадпрыемствы таксама паўплываў рост цэн на энергарэсурсы. "Нам трэба перастаць жыць не па сродках, а менавіта так у апошнія гады мы жылі, калі на 10-13% спажывалі больш, чым выраблялі, - дадаў ён. - Мы не можам нармальна развівацца, калі не забяспечым канкурэнтаздольнасць сваёй прадукцыі". Анатоль Тозік адзначыў, што адна з найважнейшых задач - выхад да канца бягучай пяцігодкі на станоўчае сальда знешняга гандлю. Трэба будзе забяспечыць значны рост ВУП, удвая павялічыць экспарт тавараў і практычна ўтрая - экспарт паслуг. Ставяцца сур'ёзныя задачы і ў галіне прыцягнення замежных інвестыцый, у тым ліку прамых. Паводле слоў віцэ-прэм'ера, калі гэтыя суперскладаныя задачы ў галіне эканомікі будуць вырашаны, гэта дазволіць Беларусі забяспечыць годны ўзровень жыцця людзей у еўрапейскім кантэксце.-0-

БЕЛТА