3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сертыфікаты на спартыўны інвентар і памятныя футбольныя мячы з аўтографамі выдатных беларускіх футбалістаў былі ўручаны прадстаўнікам усіх абласцей і Мінска на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця рэспубліканскай акцыі "Тыдзень спорту і здароўя" і рэспубліканскага праекта "Футбольныя мячы - школам", якая адбылася 2 верасня ў Доме футбола ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Новы праект "Кожнай школе – футбольны мяч!", які праводзіцца па ініцыятыве Беларускай федэрацыі футбола, Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, разлічаны не толькі на папулярызацыю футбола сярод дзяцей і падлеткаў, але і ставіць перад сабой мэту ўцягвання іх у сістэматычныя заняткі фізічнай культурай і спортам.
Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, плануецца, што школы Беларусі атрымаюць больш за 26 тыс. мячоў.
Старшыня асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Сяргей Румас у сваю чаргу сказаў: "Мы актыўна падтрымаем усе ініцыятывы Міністэрства адукацыі па прапагандзе здаровага ладу жыцця і спорту. Для папулярызацыі футбола ў 2013 годзе былі зроблены важныя крокі - пачаліся спаборніцтвы студэнцкай футбольнай лігі, стартаваў папярэдні этап лігі па міні-футболе сярод навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У гульнях былі задзейнічаны больш за шэсцьсот навучэнцаў. А пераможцу Рэспубліканскага турніру па футболе "Кубак нацый "Данон" дастанецца ганаровае права згуляць на знакамітым англійскім стадыёне Уэмблі. Праз некалькі дзён хлопцы з сярэдняй школы № 37 Кастрычніцкага раёна Гродна пачнуць свой першы матч".
Таксама ў Доме футбола прадстаўнікі рэгіёнаў атрымалі камплекты футбольнай гульнявой формы для пераможцаў раённых спаборніцтваў рэспубліканскага турніру па футболе "Кубак нацый "Данон". Спаборніцтвы праходзілі са студзеня па май гэтага года і ў іх толькі пераможцамі раённых чэмпіянатаў сталі 134 каманды. -0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)