Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў падвёў сёння папярэднія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў падвёў сёння папярэднія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах міністра, цэнтральнае тэсціраванне ў цэлым прайшло нармальна. Цяпер Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў займаецца выдачай сертыфікатаў, пасля чаго прыступіць да глыбокага аналізу правядзення выпрабавання. Але ўжо сёння можна сказаць, што ў гэтым годзе абітурыенты здалі ЦТ лепш, чым у мінулыя гады. Такі паказчык, як 277 стабальнікаў, гаворыць аб тым, што маладыя людзі сталі больш сур'ёзна рыхтавацца да ЦТ, падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў.
Ён паведаміў, што спецыялісты вылучылі катэгорыі абітурыентаў: тых, хто скончыў школы, ліцэі, гімназіі, сярэднія спецыяльныя ўстановы ў гэтым годзе, і тых, хто завяршыў навучанне ў мінулыя гады. "Па гэтых катэгорыях падведзены сярэдні бал для таго, каб паглядзець ступень падрыхтаванасці абітурыентаў і намеціць для сябе дзейсныя шляхі развіцця", - адзначыў міністр.
Так, сярэдні бал па рускай і беларускай мовах сярод выпускнікоў ліцэяў і гімназій 2015 года склаў больш за 60, па школах - звыш 40. Па матэматыцы сярэдні бал па ліцэях - амаль 52, па школах - 28. Па словах міністра, самы цяжкі прадмет, як і ў ранейшыя гады, - фізіка. Школьнікі дрэнна спраўляюцца з заданнямі ў гэтай галіне. Ліцэі паказалі па прадмеце 52 балы, гімназіі - 45, школы - 26.
Такім чынам, прафесіяналізацыя, якая мае месца ў ліцэях і гімназіях, дае свае плады. Тыя ліцэісты і выпускнікі гімназій, якія ўдзялялі больш увагі фізіцы, - здаюць лепш ЦТ, чым у школах. Трохі горш паказчыкі ў выпускнікоў сістэмы прафтэхадукацыі. "Мы гэта звязваем з тым, што хлопцы, якія ідуць у прафесійныя ліцэі і каледжы, падчас вучобы больш увагі ўдзяляюць сваім прафесійным прадметам і менш - агульнаадукацыйным", - сказаў міністр. У сувязі з гэтым ён заўважыў, што з увядзеннем профільнага навучання сістэма падыдзе да таго, што дзевяцігадовая базавая адукацыя ў школе стане адносна закончанай. "У бліжэйшыя гады трэба выбудаваць вучэбныя планы такім чынам, каб пры працягу свайго профільнага навучання ў ПТА выпускнікі школ мелі б больш сістэматызаваныя веды. Тады, на наш погляд, яны будуць здаваць ЦТ значна лепш", - лічыць кіраўнік ведамства.