13 верасня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Стаўкі рублёвых крэдытаў на міжбанкаўскім рынку ў Беларусі перавысілі 60% і, па даных крыніц у банкаўскіх колах, сёння дасягнулі 70-80% гадавых. На фоне вострага дэфіцыту ліквіднасці банкі тэрмінова павышаюць працэнты па рублёвых укладах для насельніцтва, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле даных Нацыянальнага банка, 11 верасня сярэдняя стаўка па аднадзённых міжбанкаўскіх крэдытах у нацыянальнай валюце для рэзідэнтаў склала 62,9% гадавых. Пры гэтым аб'ём таргоў аднадзённымі крэдытамі з рэзідэнтамі склаўся на ўзроўні Br368,9 млрд. Для параўнання, на пачатак верасня гэтыя лічбы складалі адпаведна 39,2% гадавых і Br583,5 млрд.

На раніцу 12 верасня патрэба банкаўскай сістэмы ў ліквіднасці перавышала Br10 трлн. Нацыянальны банк 11 верасня аказаў падтрымку банкам у аб'ёме Br1,3 трлн., пры гэтым Br1,1 трлн. - у форме ломбардных крэдытаў па фіксаванай стаўцы і Br0,2 трлн. - праз двухбаковыя здзелкі своп.

Каб вырашыць праблемы з дэфіцытам ліквіднасці, банкі аператыўна нарошчваюць стаўкі па рублёвых укладах для насельніцтва. У прыватнасці, сёння аб чарговым павышэнні ставак аб'явілі Беларусбанк і Белаграпрамбанк. Таксама сярод банкаў, якія павысілі даходнасць рублёвых дэпазітаў - БПС-Сбербанк, МТБанк, Банк ВТБ (Беларусь), Банк Масква-Мінск, Парытэтбанк. Найбольш выгадныя прапановы на сёння дасягаюць 45% гадавых. Таксама банкі павялічваюць стаўкі па кароткатэрміновых дэпазітах для карпаратыўнага сектара.

На думку фінансавага аналітыка афіцыйнага партнёра "Альпары" у Мінску Вадзіма Іосуба, у цяперашні час на міжбанку і рынку дэпазітаў складаецца сітуацыя, аналагічная ліпеньскай. Каб справіцца з тэндэнцыяй павышанага попыту на валюту з боку насельніцтва і ператокам рублёвых дэпазітаў у валютныя, Нацыянальны банк штучна стварае дэфіцыт рублёвай ліквіднасці. "Менавіта гэтым і тлумачыцца ўзлёт ставак на міжбанку, якія, дарэчы, ужо перавысілі максімум лета бягучага года. Услед за стаўкамі на міжбанку растуць стаўкі па рублёвых дэпазітах. Канечная мэта гэтага - спыненне ператоку рублёвых дэпазітаў у валютныя, зніжэнне попыту на замежную валюту і, як следства, тэмпаў росту курса замежнай валюты", - адзначыў Вадзім Іосуб.