19 верасня Мінск /Кар. БЕЛТА/. Камерцыйныя банкі Беларусі пачалі адмяняць абмежаванні на зняцце замежных валют з рублёвых картак, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як паведамілі ў Беларускім народным банку, з 19 верасня кліенты банка могуць бесперашкодна здымаць са сваіх пластыкавых картак наяўныя даляры ці еўра ў банкаматах і аддзяленнях гэтага і іншых банкаў на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. Акрамя таго, Беларускі народны банк будзе праводзіць аперацыі безнаяўнай аплаты ва ўстройствах, якія належаць банку і іншым банкам, у Беларусі і за мяжой, а таксама аперацыі безнаяўнай аплаты ў сетцы Інтэрнэт на сайтах, зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. Кліенты банка таксама маюць магчымасць папаўнення сваіх картак-рахункаў у валюце беларускімі рублямі. Абмежаванні адмяніў таксама Франсабанк. Яго кліенты з сённяшняга дня могуць здымаць са сваіх банкаўскіх пластыкавых картак інвалюту як унутры краіны, так і за яе межамі. У той жа час буйныя банкі, такія як Беларусбанк, Белінвестбанк, Белзнешэканамбанк і іншыя, усё яшчэ захоўваюць абмежаванні. У некаторых з гэтых банкаў адзначаюць, што пытанне аб зняцці лімітаў пакуль у стадыі разгляду. Нагадаем, што з-за дэфіцыту валюты вясной гэтага года беларускія банкі ўвялі ліміты на зняцце валюты з банкаўскіх пластыкавых картак за мяжой. Некаторыя банкі цалкам забаранілі выкарыстанне гэтых картак за мяжой. У Беларусі аперацыі па такіх картках выконваліся толькі ў беларускіх рублях.-0-

БЕЛТА