4 красавіка, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі сёння ў першым чытанні праект закона аб папярэджанні распаўсюджвання захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, ВІЧ і гарантыях правоў грамадзян, якія маюць такія захворванні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У праекце закона, у прыватнасці, прадугледжана магчымасць прымусова абследаваць на наяўнасць сацыяльна небяспечных хвароб і прымусова шпіталізаваць пацыентаў з такімі недугамі. Што тычыцца ВІЧ-інфекцыі, то ў гэтым выпадку ў законапраекце агаворана толькі магчымасць прымусовага або добраахвотнага абследавання. Дабраахвотнае абследаванне можа быць як ананімным, так і яўным, і праводзіцца бясплатна ў любой медустанове краіны.
Дэпутаты сёння таксама прынялі ў першым чытанні законапраект аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі. Як распавёў журналістам дэпутат Алег Сакадынец, адно з найважнейшых палажэнняў дакумента ўстанаўлівае ў Беларусі прэзумпцыю адсутнасці псіхічных захворванняў, гэта значыць ніхто не мае права называць чалавека псіхічна хворым, пакуль не пастаўлены адпаведны дыягназ кваліфікаванай лекарскай камісіяй. Па словах дэпутата, у законапраекце таксама пашыраны правы пацыентаў, якія маюць псіхічныя захворванні, і правы медыцынскіх работнікаў.
Акрамя таго, парламентарыі прагаласавалі за прыняцце ў першым чытанні законапраекта, які ўносіць папраўкі ў закон аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.-0-
БЕЛТА
Беларускія дэпутаты прынялі законапраект аб прымусовым абследаванні і лячэнні асоб з небяспечнымі хваробамі
4.4.20110 праглядаў