24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Завяршылася першае пасяджэнне першай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання, падчас якога дэпутаты сфарміравалі ўсе рабочыя органы ніжняй палаты парламента, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У адпаведнасці з прыкладным графікам работы Палаты прадстаўнікоў 15 лістапада адбудзецца другое пасяджэнне першай сесіі ніжняй палаты парламента. Сумеснае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, падчас якога ўрад адкажа на пытанні парламентарыяў, пройдзе 28 лістапада. Перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі выступіць намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы. Яго даклад будзе прысвечаны эфектыўнасці АПК як значнаму рэсурсу ў развіцці эканомікі краіны і дабрабыту народа. Палата прадстаўнікоў пятага склікання пачала працу 18 кастрычніка, калі дэпутаты сфарміравалі рабочыя органы сесіі, выбралі Уладзіміра Андрэйчанку старшынёй Палаты прадстаўнікоў, а Віктара Гумінскага - яго намеснікам. У гэты ж дзень дэпутацкі корпус прыняў рашэнне аб утварэнні 14 пастаянных камісій. Іх старшынь шляхам тайнага галасавання парламентарыі выбралі 23 кастрычніка падчас працягу першага пасяджэння першай сесіі Палаты прадстаўнікоў. Акрамя таго, 23 кастрычніка дэпутаты прынялі рашэнне аб фарміраванні Савета Палаты прадстаўнікоў, у склад якога ўвайшлі старшыня Палаты прадстаўнікоў і яго намеснік, а таксама старшыні ўсіх 14 пастаянных камісій. На працягу першага пасяджэння першай сесіі Палаты прадстаўнікоў 24 кастрычніка дэпутаты зацвердзілі намеснікаў старшынь пастаянных камісій. Кандыдатуры на гэту пасаду парламентарыі вылучылі на пасяджэннях сваіх камісій. У гэты ж дзень быў сфарміраваны і зацверджаны персанальны склад пастаянных камісій з улікам пажаданняў саміх дэпутатаў. У новы склад Палаты прадстаўнікоў у верасні гэтага года выбраны 109 дэпутатаў.-0-

БЕЛТА