13 верасня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларускія грамадзяне змогуць прагаласаваць на 43 участках, утвораных дыпламатычнымі і консульскімі ўстановамі краіны за мяжой. Пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Участкі для галасавання ўтвораны ў 32 краінах, пры гэтым грамадзяне Беларусі ўпершыню змогуць прагаласаваць у Азербайджане і Арменіі. Акрамя таго, створаны 3 участкі для галасавання новымі замежнымі ўстановамі, адкрытымі ў мінулым і гэтым гадах, - гэта генконсульствы ў Мюнхене і Стамбуле, а таксама аддзяленне пасольства Беларусі ў Расіі ў Растове-на-Доне. Як адзначыў Андрэй Савіных, участкі для галасавання, утвораныя за межамі Беларусі, прыпісаны да Купалаўскай выбарчай акругі № 95. У дзень выбараў галасаванне будзе праходзіць з 8.00 да 20.00 па мясцовым часе. Грамадзяне Беларусі, якія не маюць магчымасці прыйсці на ўчастак у дзень выбараў, могуць рэалізаваць сваё выбарчае права датэрмінова ў перыяд з 18 па 22 верасня. Андрэй Савіных падкрэсліў, што ў спісы выбаршчыкаў уключаюцца беларускія грамадзяне, пражыванне якіх на тэрыторыі замежнай дзяржавы пацверджана на момант складання спісу, а таксама грамадзяне, якія знаходзяцца ў працяглай замежнай камандзіроўцы. У спіс могуць быць уключаны грамадзяне Беларусі, якія прыбылі ў замежную дзяржаву з прыватнай, службовай, дзелавой або турыстычнай паездкай. У гэтым выпадку іх уключаць у спіс выбаршчыкаў на падставе дакументаў, якія сведчаць асобу і пацвярджаюць грамадзянства Беларусі. -0-

БЕЛТА