1 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Барды Беларусі і Расіі збяруцца 6-7 лістапада на гарадскім свяце аўтарскай песні "Віцебскі лістапад", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск".
Прыняць удзел у фестывалі запрашаюцца ўсе ахвотныя без узроставых і жанравых абмежаванняў. Заяўкі ўдзельнікаў прымаюцца да 5 лістапада, аж да дня адкрыцця свята. Пасля папярэдняга закрытага адборачнага тура журы абярэ найбольш яркіх выканаўцаў і аўтараў для ўдзелу ў конкурсе аўтарскай песні. Іх выступленне адбудзецца ў першым аддзяленні канцэрта "Людзі і галасы" 6 лістапада ў зале Цэнтра культуры "Віцебск". У другой частцы свае лепшыя творы для гледачоў выканаюць удзельнікі Народнага тэатра-студыі аўтарскай песні, Народнага маладзёжнага тэатра "Кола", а таксама мінская група "Белая косць".
Інтрыга конкурсу вырашыцца 7 лістапада. У гэты дзень адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў фестывалю ў намінацыях "Лепшы аўтар", "Лепшы выканаўца" і "Лепшы дуэт-ансамбль". Пасля ўрачыстай цырымоніі выступяць госці "Віцебскага лістапада" з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Арганізатарамі свята выступаюць аддзелы культуры і па справах моладзі і абаронна-мабілізацыйнай працы Віцебскага гарвыканкама, Цэнтр культуры "Віцебск" і Народны тэатр-студыя аўтарскай песні Цэнтра культуры "Віцебск".-0-
БЕЛТА
Беларускія і расійскія барды збяруцца на свяце аўтарскай песні ў Віцебску
1.11.20100 праглядаў