13 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларускія і расійскія машынабудаўнікі выпусцілі доследны ўзор аўтагідрапад'ёмніка з вышынёй пад'ёму кошыка да 16 м, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Вітбудтэхмаш" Павел Кацікаў. Мадэль аўтагідрапад'ёмніка "Віпа-16-01" сканструяваў Віцебскі завод пад'ёмна-транспартнага абсталявання прадпрыемства "Вітбудтэхмаш" спецыяльна для ўстаноўкі на шасі новага расійскага аўтамабіля "Сілант", які валодае павышанай праходнасцю на забалочаных участках і перасечанай мясцовасці. Прататыпам гэтай машыны паслужыў сярэднетанажны аўтамабіль ГАЗ-66. Апорны контур новага аўтагідрапад'ёмніка складае 2,5 на 2,5 м, што дазваляе выкарыстоўваць яго ў абмежаваных умовах гарадскога асяроддзя. Доследны ўзор аўтагідрапад'ёмніка паспяхова прайшоў выпрабаванні і атрымаў сертыфікат адпаведнасці ў Расійскай Федэрацыі. Шырокай публіцы пад'ёмнік быў прэзентаваны на 13-й Міжнароднай выставе спецыяльнай будаўнічай тэхнікі і тэхналогій СТТ-2012 у Маскве ў канцы мая. Па словах Паўла Кацікава, аўтапад'ёмнік адразу знайшоў свайго пакупніка і адправіўся ў Яраслаўль. Цікавасць да сумеснай прадукцыі праявіла і адно з камунальных прадпрыемстваў Масквы, якое абслугоўвае масты, пуцеправоды і віядукі. Як лічыць Павел Кацікаў, павышаная цікавасць да сумеснай распрацоўкі расійскіх і беларускіх машынабудаўнікоў тлумачыцца тым, што ні ў Расіі, ні ў Беларусі падобная тэхніка не выраблялася. У цяперашні час, "Вітбудтэхмаш" пачынае серыйны выпуск аўтагідрапад'ёмнікаў на базавым шасі "Сілант" вышынёй 16 м. Акрамя таго, віцебскія канструктары прыступілі да распрацоўкі пад'ёмнікаў вышынёй 24 м на базе шасі "Сілант", якія запатрабаваны прадпрыемствамі энергетыкі як у Беларусі, так і ў Расійскай Федэрацыі. Выпуск аўтагідрапад'ёмнікаў прадугледжаны бізнес-планам развіцця прадпрыемства на перыяд 2010-2013 гады. Агульны кошт праекта ацэньваецца больш чым у Br4,5 млрд. Праект прадугледжвае стварэнне не менш за 100 працоўных месцаў.