11 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У глухіх лясах на памежнай тэрыторыі беларускія і расійскія службы ўжо тыдзень шукаюць жыхарку Віцебскага раёна, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Віцебскага РАУС Дзмітрый Броўка.
Просьба аб пошуку 53-гадовай жанчыны паступіла ў РАУС ад сваякоў 4 кастрычніка, праз два дні пасля таго, як яна зблудзіла ў лясах на тэрыторыі Вяліжскага раёна Смаленскай вобласці. Разам з аднавяскоўцамі жанчына адправілася туды збіраць журавіны. Пакуль з жанчынай удавалася падтрымліваць сувязь па мабільным тэлефоне, сваякі не гублялі надзеі, што яна зможа самастойна выбрацца. Бо два гады таму з ягадніцай здарыўся падобны выпадак - два дні яна блукала па непраходных лясах і ўсё ж знайшла дарогу дадому.
Гэтым разам цуда не адбылося, і супрацоўнікам Віцебскага РАУС, Вяліжскага УУС паліцыі давялося аб'яднаць намаганні ў пошуку зніклай. Да іх далучыліся таксама ратавальнікі, егеры, валанцёры, прыцягваліся вайскоўцы ўнутраных войскаў, кінолагі. У цяперашні час пошукі працягваюцца.
Паводле звестак УУС Віцебскага аблвыканкама, з пачатку масавага сезона збору ягад і грыбоў афіцыйны розыск заблудзіўшыхся ў лясах Віцебскай вобласці праводзіўся не менш за 25 разоў. У гэтым годзе колькасць зваротаў за дапамогай у розыску тых, хто згубіўся ў лесе, у некалькі разоў перавышае дадзеныя мінулых гадоў. Праваахоўныя органы і ратавальнікі звяртаюцца да грамадзян з просьбай быць асцярожнымі і ўважлівымі, памятаць, што лішняе вядро грыбоў ці ягад не варта чалавечага жыцця. Адпраўляючыся ў лес, неабходна паклапаціцца пра ўласную бяспеку і строга выконваць правілы паводзін у лесе. Так, папярэдне варта паставіць у вядомасць аб сваім паходзе родных і блізкіх, узяць з сабой зараджаны мабільны тэлефон, ваду, запалкі, дажджавік, свісток, апранаць у лес варта яркую куртку.-0-
БЕЛТА
Беларускія і расійскія службы тыдзень шукаюць ягадніцу ў прымежных лясах
11.10.20120 праглядаў