5 студзеня, Мінск /Вольга Швайко - БЕЛТА/. Беларускія кардыяхірургі асвоілі аперацыі па трансплантацыі аорты. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара РНПЦ "Кардыялогія" па хірургіі прафесар Вячаслаў Янушка. Паводле яго слоў, падобныя трансплантацыі ў Беларусі раней не праводзіліся. Ужо выкананы чатыры такія аперацыі. "Усе яны прайшлі з добрым вынікам", - адзначыў Вячаслаў Янушка. Ён дадаў, што пасля такіх трансплантацый пры паспяховым аднаўленні пацыента пасля аператыўнага ўмяшання ён можа быць выпісаны з бальніцы ўжо праз 10 дзён. Вячаслаў Янушка растлумачыў, што, як правіла, такія трансплантацыі неабходныя, калі пасля пратэзавання ўчастка аорты пратэз адторгаецца арганізмам і адбываецца інфікаванне. Гэта пагражае ўнутраным крывацёкам і смерцю чалавека. Выратаваць жыццё пацыенту можна з дапамогай трансплантацыі паражанага ўчастка аорты. "Патрэба ў Беларусі ў год складае прыкладна 100-150 такіх трансплантацый", - сказаў Вячаслаў Янушка.-0-

БЕЛТА